2015-05-27 16:30:00

Чаму Касцёл заўсёды святы?


Кожную нядзелю, вызнаючы ўласную веру падчас св. Імшы мы прамаўляем такія словы: “Веру ў адзіны, святы, каталіцкі Касцёл”. Напэўна многія з нас калі-небудзь задаваліся пытаннем: чаму Касцёл з’яўляецца святым? Ведзь натуральна, што вернікі, святары і біскупы не заўсёды з’яўляюцца сапраўдным адлюстраваннем святасці. Здараецца нават зусім наадварот – некаторыя вернікі вядуць настолькі далёкі ад гэтага ідэалу стыль жыцця, што сваімі ўчынкамі прымушаюць чырванець многіх няверуючых людзей. Чаму ж тады Касцёл з’яўляецца святым? Разабрацца ў гэтым пытанні мы паспрабуем у нашай сённяшняй праграме.

Дадзенай тэме прысвяціў цэлы раздзел сваёй фундаментальнай тэалагічнай працы “Уводзіны ў хрысціянства” папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI. Ён напісаў гэту кнігу яшчэ ў 1969 г. будучы выкладчыкам Цюбінгенскага універсітэта. У ёй, будучы Пантыфік адзначаў, што ў дадзеным кантэксце слова “святы” не разумееца ў сэнсе святасці людзей, але ўказвае на боскі дар, на святасць, якая даруецца пасярод чалавечай грахоўнасці. “У сімвалы веры мы называем Касцёл святым не таму што яго члены святыя, пазбаўленыя граху (...) Святасць Касцёла заключаецца ў яго асвячаючай сіле, якую Бог здзейсняе ў ім, насуперак чалавечай грахоўнасці” – пісаў Папа. 

Паводле Святога Айца тут мы сустракаемся, са спецыфічным прызнакам “Новага Запавету”: у Хрысце, Бог Сам абяцаў людзям быць звязаным з імі. “Новы Запавет заснаваны не на двухбаковым выкананні дамовы, а на ласцы, якая даруецца Богам, і ён не парушаецца чалавечай нявернасцю. Ён – выраз любові Божай, якая не дае сябе перамагчы чалавечай недасканаласцю, але насуперак усяму, зноў і зноў сыходзіць на чалавека, прымае яго, такім які ён ёсць, у грахах, аздараўляе і любіць яго”, - пісаў Ёзэф Ратцынгер.

Ва ўласцівай яму, амаль паэтычнай манеры, Бэнэдыкт XVI адзначаў, што “такі парадаксальны вобраз Касцёла, у якім Божае часта трапляе ў нягодныя рукі,  часта прысутнічае ў форме “нягледзячы ні на што” – што для верніка з’яўляецца знакам “нягледзячы ні на што” сыходзячай на нас перапаўняючай любові Божай”. 

У сваёй цудоўнай мары аб святым свеце, чалавек ўяўляе святасць, як поўную аддзеленасць ад зла і граху. “У такім уяўленні непазбежна прысутнічае чорна-белае мысленне, якое імкнецца аддзяліць і рашуча адкінуць усё негатыўнае, у любых яго формах”, - казаў Ёзэф Ратцынгер і нагадаваў, што ўжо сучаснікам Хрыста “падавалася спакусай, што ў Яго святасці не было караючай ноты – полымя не спальвала нягодных, а дбайным не дазвалялася вырываць хмызняк, які хутка рос у іх на вачах”. Насупраць, святасць Хрыста праяўлялася ў набліжэнні да грэшнікаў – набліжэнні нават да такой ступені, што Ён Сам раздзяліў лёс выгнаннікаў. 

Прымаючы грэх на Сябе, робячы яго часткай свайго лёсу, Хрыстус адкрыў, у чым сапраўдная святасць: не ў абасабленні, але злучэнні, не ў асуджэнні, але ў збаўляючай любові. “І ці не з’яўляецца Касцёл проста працягам гэтага сыходу Бога да чалавечай нізасці, працягам вячэры Езуса з грэшнікамі?”, - пытаўся Папа. 

Ёзэф Ратцынгер прызнаваўся, што “менавіта ў гэтай несвятой святасці Касцёла ёсць нешта бясконца суцяшаючае. Бо хіба не усяляла ў нас адчай абсалютна нягрэшная святасць, якая толькі судзіць і кляйміць нас?

Многія ўяўляць для сябе Касцёл у якасці палітычнай ці культурнай асацыяцыі. Крытыка Касцёла часта набывае раздражняльную горыч выразаў, за якімі  заўсёды можна ўбачыць схаваную пыху і вельмі часта духоўную пустэчу. Такія крытыкі зусім не бачаць сапраўднай прыроды Касцёла. Не уяўляюць, што ён знаходзіцца па-за рамкамі якой-небудзь арганізацыі, у суцяшэнні Слова і сакрамэнтаў, якія захоўваюць яго, у добрыя і благія дні.

У “Дэкамероне” Джаванні Бакачча ёсць цудоўнае апавяданне пра хрысціяніна, які вельмі жадаў навяртання свайму суседу яўрэю. І вось аднойчы апошні, сказаў: ты ведаеш, я хачу паехаць у цэнтр хрысціянства – горад Рым і на ўласныя вочы пабачыць, святасць тваёй веры. Калі мяне пераканае тое, што я ўбачу, я канешне стану хрысціянінам. Справа адбывалася ў эпоху поздняга сярэдневечча, калі ў Касцёле не паўсюль панавала сапраўдная святасць. Хрысціянін адразу стаў сумным, бо падумаў пра тую распусту, якую мог пабачыць яўрэй у Вечным горадзе. Аднак па вяртанні, яўрэй радасны прыбег да свайго суседа і сказаў: ты ведаеш я вырашыў стаць хрысціянінам. Я убачыў шмат зла ў Рыме і калі Касцёлам сапраўды кіравалі людзі, якія гэта чынілі, ён бы даўно разваліўся. А так я пераканаўся, што ім кіруе Святы Дух.

Касцёл большы за тую структуру і асобаў, якіх мы бачым. Гэта перш за ўсё не арганізацыя, з якое калі не знаходжу адказаў на мае інтэрэсы – выходжу. Бэнэдыкт XVI, падчас Апостальскага падарожжа ў Германію ў 2011 г. казаў што быць у Касцёле не тое самае што быць членам пэўнай асацыяцыі, “але быць у сетцы Пана, у якой Ён выцягвае добрыя рыбіны і кепскія з вады смерці на зямлю жыцця”. “Можа здавацца, што ў гэтай сетцы знаходжуся менавіта побач з кепскімі рыбінамі, але таксама верна што я тут знаходжуся ні для адных ні для іншых, але таму што гэта сетка – Панская”, - казаў Папа. Касцёл – гэта сапраўдная, святая сетка Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.