2015-05-27 11:38:00

Францішак нагадаў аб важнасці перыяду заручынаў


Папа Францішак нагадаў аб важнасці перыяду заручынаў і глыбокай падрыхтоўкі будучых сужонкаў да заключэння саюза на ўсё жыццё. Менавіта гэтай тэме ён прысвяціў сваю катэхезу 27 мая 2015 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Пантыфік заўважыў, што слова “заручыны” у італьянскім гучанні (fidanzamento) непасрэдна звязана са словамі “давер”, “шчырасць”, “надзейнасць”. Ён падкрэсліў, што сужэнства з’яўляецца пакліканнем, але для яго заключэння неабходна свядомае рашэнне, а не толькі гармонія ў сімпатыі і пачуццях.

У перыяд заручынаў будучыя сужонкі пакліканы правесці вялікую працу над сваім каханнем, узаемна пазнаючы адно аднаго, бо любоў гэта “не проста бяздумнае шчасце” ці “чароўная эмоцыя”.

“Запавет любові паміж мужчынам і жанчынай, запавет на ўсё жыццё, гэта не імправізацыя; (...) яму вучацца і яго ўдасканальваюць. Гэта запавет, які “ствараецца ўласнаручна”. Учыніць з двух жыццяў адно, гэта амаль цуд свабоды і сэрца, якое даверылася веры. Мы, напэўна, павінны прыкласці больш намаганняў у гэтай сферы, бо нашы “пачуццёвыя каардынаты” пачалі крыху памыляцца. Хто жадае ўсяго і адразу, адступае таксама ад усяго і адразу пры першых цяжкасцях (ці пры першай магчымасці). Няма надзеі на давер і вернасць ў дары з сябе, калі дамінуе звычка “спажывання” любові, як пэўнага кшталту “інтэгратара” псіха-фізічнага дабрабыту. Любоў гэтым не з’яўляецца! Перыяд заручынаў выяўляе жаданне разам захоўваць штосьці, чаго ніколі нельга набыць ці прадаць, чаму ніколі нельга здраджваць і што нельга пакідаць, якой бы прывабнай не была прапанова”, - сказаў Папа.

У сваёй мудрасці Касцёл адрознівае паняцці “быць заручанымі” і “быць сужонкамі”. Францішак заклікаў не адносіцца легкадумна да гэтага навучання, бо легкадумства адносна цялесных сувязяў адкрывае доўгатрывалыя раны ў душы, адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец таксама звярнуў увагу на важнасць курсаў падрыхтоўкі да сужэнства. “Мы бачым шматлікія пары, якія, магчыма, прыходзяць на іх насуперак сваёй волі,(...) але затым застаюцца задаволенымі і дзякуюць, таму што сапраўды знайшлі нагоду – часта адзіную! – каб паразважаць аб сваім досведзе небанальным чынам. Так, многія пары прабываюць разам на працягу доўгага часу, магчыма нават у фізічнай блізкасці, часам жывучы разам, але не ведаюць адно аднаго па-сапраўднаму. Здаецца дзіўным, але досвед сведчыць менавіта аб гэтым. Таму неабходна пераасэнсаваць перыяд заручынаў, як час узаемнага пазнання і супольнага абмеркавання задумы. Шлях падрыхтоўкі да сужэнства павінен разглядацца з гэтай перспектывы, карыстаючыся таксама простым, але моцным сведчаннем хрысціянскіх сужонкаў”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў, пры падрыхтоўцы да шлюбу звяртаць увагу на важнасць малітвы, споведзі, св. Камуніі, супольнага знаёмства з Бібліяй і братэрства з беднымі і патрабуючымі. “Усё гэта вядзе да падрыхтоўкі да сужэнства іншым чынам – не мірскім, а хрысціянскім!”, - сказаў Святы Айцец. Паводле Францішка, перыяд заручынаў можа стаць часам знаёмства з духоўнымі дарамі, якімі Бог, праз пасярэдніцтва Касцёла, узбагачае перспектыву новай сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.