2015-05-24 13:48:00

Кенія: беатыфікацыя італьянскай місіянеркі


23 мая 2015 г. у Кеніі адбылася першая ў гісторыі тамашняга Касцёла беатыфікацыя. У горадзе Ньеры да хвалы алтароў была паднесены італьянская місіянерка, законніца Ірэнэ Стэфані. Св. беатыфікацыйную Імшу ўзначаліў ад імя папы Францішка кардынал Палікарт Пенга з Танзаніі. Пурпурат з’яўляецца старшыняй Сімпозіума Канферэнцыі Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара.

Новая благаслаўлёная памерла ў Кеніі ў 1930 г. ад чумы, заразіўшыся ёю ад хворых, аб якіх клапацілася.  Было ёй тады 39-ць гадоў. Ірэнэ Стэфані нарадзілася ў 1891 г. блізка Брэшы, на поўначы Італіі. Тут уступіла да зграмаджання Місіянерак Маці Божай Суцяшэння. Падчас Першай сусветнай вайны кіраўніцтва закона паслала яе на місіі ў Танзанію і Кенію. Жыхарам гэтых краін яна ахвяравала рэшту свайго жыцця.

“Законніца Ірэнэ заўсёды шукала людзей пакінутых, быццам бы ўжо памерлых, і часта ёй ўдавалася выратаваць іх жыццё. Чалавек, ад якога яна заразілася, быў настаўнікам, які яе зневажаў, крытыкуючы яе выкладчыцкую працу ў школе, бо хацеў заняць яе месца. Нягледзячы на гэта Ірэнэ апекавалася ім, калі ён захварэў. Многія людзі лічаць, што яна памерла не ад хваробы, але дзеля любові да людзей”, - сказала ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё законніца Хасінта Тэўры, якая належыць да таго ж самага зграмаджання, што новая благаслаўлёная.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.