2015-05-22 15:04:00

Папа пра тры позіркі Хрыста


Падумаць над тым, як адносіцца да нас Бог запрасіў Пантыфік 22 мая 2015 г. падчас гаміліі на ранішняй св. Імшы ў капліцы ватыканскай рэзідэнцыі. У сваіх разважаннях Францішак звярнуў увагу на тры “позіркі” Езуса на Пятра. Збаўца глядзеў на апостала позіркам паклікання, прабачэння і місіі. Святы Айцец прызнаўся, што гэта думка яму прыйшла падчас разважання над пачаткам Евангелля паводле св. Яна. Езус скіраваў свае вочы на Пятра і сказаў: “Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас” (Ян 1,42). Гэта першы позірк – паклікання і місіі, праз які ў сэрцы Пятра пасяліўся энтузіязм.

Папа нагадаў таксама пра другі позірк – пакаяння – у драматычную ноч з Вялікага Чацвярга на Вялікую Пятніцу, калі Пётр тройчы адрокся ад Езуса. “Ён страціў усё. Ён страціў сваю любоў, і калі Пан паглядзеў на яго, Пётр заплакаў”, - адзначыў Францішак. Евангелле св. Лукі кажа, што ён горка заплакаў. Энтузіязм наследавання Езуса ператварыўся ў плач, таму што апостал зграшыў – адрокся ад Езуса. Але позірк Пана змяніў сэрца Пятра, больш, чым той ранейшы. Спачатку была змена імя і паклікання, а гэты другі позірк ператварыў сэрца, адбылося навяртанне на любоў”, - сказаў Святы Айцец.

Сённяшняе Евангелле кажа аб трэцім позірку, які ўключыў у сябе пацвярджэнне місіі і пажаданне Езуса, каб Пётр засведчыў і праявіў сваю любоў. У той жа час Хрыстус усклаў на Пятра пастырскую місію. Францішак адзначыў, што, калі Пан спытаў у трэці раз ці любіць ён яго, Пётр быў засмучаны, амаль плакаў. Ён адказаў: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Тады Езус сказаў яму: “Пасі авечак Маіх”. Аднак, гэта не канец. Таксама гучыць абяцанне, што Пётр пойдзе за Езусам па шляху крыжа.

Папа адзначыў, што Збаўца заўсёды глядзіць на нас з любоўю, просіць, прабачае і давярае місію. Ён заклікаў прасіць Хрыста, каб Ён навучыў нас аплакваць нашы памылкі і грахі, даў адвагу ісці шляхам, якім Ён прайшоў першы.








All the contents on this site are copyrighted ©.