2015-05-22 11:00:00

Біскуп Велікаселец: данесці праўду пра рэлігію


У маі 2015 года пад рэдакцыяй дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца выйшла брашура пад назвай “Усе думаюць адно і тое ж: Бог існуе”. У выданні сабраны выказванні вучоных, пісьменнікаў, філосафаў і нават атэістаў з аргументамі на карысць існавання Бога. У інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп распавёў аб мэце выдання такіх брашур, бо гэта ўжо не першае падобная ініцыятыва з яго боку. “Я нарадзіўся ў пасляваенны час атэізму, і наша пакаленне перажыло вельмі вялікую атэістычную агітацыю, мы нават памятаем словы першага сакратара КПСС Хрушчова, які абяцаў хутка паказаць па тэлевізары апошняга святара”, - патлумачыў іерарх.

Калі ён быў яшчэ зусім дзіцём, у ягонай роднай вёсцы арыштавалі святара, але да першай споведзі маленькага сына рыхтаваў бацька – за 60 кіламетраў вёз хлопца на ровары ў Кобрын, дзе быў святар. Пазней у школе будучага біскупа разам з іншымі дзецьмі вучылі таму, што выбітныя вучоныя мелі матэрыялістычны светапогляд, і рознымі іншымі шляхамі настаўнікі імкнуліся схаваць праўду пра Бога.

“Бог настолькі заўважны, увесь свет нам кажа пра Бога! Эйнштэйн гаворыць: вакол мяне найскладанейшая сістэма ўзаемасувязі і гармоніі, як вучоны-фізік я ведаю, што кожная з’ява мае сваю прычыну. Мендзялееў на з’ездзе хімікаў у Берліне сказаў, адказваючы на пытанне, ці верыць ён у Бога: я аддаю перавагу застацца ў сферы бессмяротнасці душы! І наш розум, і наш унутраны голас, і Святое Пісанне гавораць нам пра Бога”, - падкрэсліў іерарх.

Біскуп Казімір зразумеў, што савецкаму пакаленню, адурманенаму прапагандай атэізму, неабходна даведацца праўду пра рэлігію і пра тое, што на самой справе гаварылі і думалі пра Бога вядомыя людзі, выправіць скажоную камуністычнай ідэалогіяй інфармацыю. 

У сваёй першай невялікай кніжцы “Жыццё з Богам” іерарх сабраў выказванні вучоных і разнастайныя доказы існавання Бога, асноўныя звесткі аб хрысціянскім вучэнні, галоўныя малітвы. Кніжка выйшла ў выдавецтве “Про Хрысто” у 2012 г. Біскуп імкнуўся раздаваць яе прадстаўнікам інтэлігенцыі і ўсім, хто меў патрэбу ў такой інфармацыі. “Памятаю такі выпадак у Пінскай катэдры: падыходзіць чалавек і просіць у мяне яшчэ адну такую кніжку, якую я раней даваў яму. Мужчына сказаў, што кніжку прачытаў ягоны сын і вельмі захацеў набыць яе для сябе. Людзі чытаюць гэтыя кніжкі і выказваюць падзяку. Яны вельмі неабходныя асабліва для майго пакалення, каб людзі ведалі, што на самой справе вучоныя прыводзяць доказы існавання Бога, а не адмаўляюць Яго”, - падзяліўся іерарх.

Як лічыць біскуп Казімір, і ў наш час, калі свет настолькі матэрыялізаваны, такая літаратура неабходная сучаснай моладзі і інтэлігенцыі. Ён раздае новыя брашуры, якія вышлі накладам 5 тыс. асобнікаў, усім жадаючым.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.