2015-05-21 16:00:00

Якія біблійныя карані мае святарскі цэлібат?


Як можа чалавек жыць без сям’і і назаўсёды адмовіцца ад сужонскіх адносін? Такія пытанні, якія тычацца святарскага цэлібата ўзнікалі і будуць узнікаць заўсёды. Сённяшняя эпоха не з’яўляецца выключэннем. Чым больш нашы грамадствы становяцца секурызаванымі, тым больш дысцыпліна цэлібату становіцца ім незразумелай. У Евангеллі паводле св. Мацвея прыводзяцца словы Езуса, які папярэджваў, што “не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена”.

Многія лічаць цэлібат перажыткам мінулага і ўказваюць на яго неактуальнасць. Маўляў, яго крыніцай былі пэўныя гістарычныя сітуацыі (як напрыклад непатызм у Касцёле ў эпоху сярэдневечча), а сёння “людзі пакутуюць”. У якасці альтэрнатывы ўзгадваюцца святары Праваслаўнай ці Усходніх Цэркваў, якія могуць ствараць сем’і. У дыскусіях падобнага характару часта падкрэсліваецца, што нават у Святым Пісанні няма канкрэтнага ўказання на тое, што святар абавязаны быць нежанатым.

Так, сапраўды, дысцыпліна цэлібату тычыцца толькі каталіцкіх святароў лацінскага абраду і ў Бібліі няма ўказання на тое, што святар абавязкова павінен быць нежанатым. Цэлібат належыць да сферы касцёльнага права, а не Божага. Тым не менш, гэта дысцыпліна мае глыбокія евангельскія карані. Пра іх мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Па-першае, важна адзначыць, што ў першых папскіх дакументах, прысвечаных цэлібату, якія пачалі з’яўляцца ў IV ст., гаворка пра яго не ішла як пра новаўвядзенне, але заўсёды падкрэслівалася сувязь са старажытнай апостальскай традыцыяй. У сваіх дакументах такія папы як, Дамас І, Сірыцый і Інакенцій І звярталі ўвагу на існаванне цэлібату ў першых хрысціянскіх супольнасцях. Такім чынам, практыка адмаўлення святароў ад сужэнскага жыцця не была “сярэдневечнай выдумкай”, але спрадарожнічала Касцёлу ад самага пачатку яго існавання.

Першай і галоўнай прычынай цэлібату ў Каталіцкім Касцёле заўсёды было імкненне наследаваць Езуса Хрыста і сваім жыццём сведчыць пра Валадарства Нябеснае. Як вядома, сам Збаўца жыў у цэлібаце. Каталіцкі святар, на падабенства Езуса, дабраахвотна вырашае жыць у цялеснай чысціні і цэлібаце з мэтай належаць усім людзям у роўнай меры, без выключэнняў. З моманту прыняцця святарскага пасвячэння ён не належыць камусьці больш, а камусьці менш. Менавіта гэта разумелі многія першыя хрысціянскія святары і імкнуліся рэалізоўваць у жыцці.

Узгадкі аб важнасці цэлібата для святароў можна знайсці на старонках Новага Запавету. Напрыклад, у Евангеллях паводле св. Мацвея і св. Лукі ўзгадваюцца словы Езуса пры тых, якія не жэняцца “дзеля Валадарства Нябеснага”, гэта значыць дзеля таго, каб цалкам прысвяціць сябе Божым справам і сведчыць пра іх важнасць сваім жыццёвым выбарам .

На карысць цэлібату не аднойчы казаў і апостал Павел. Напрыклад, у Першым Пасланні да Карынцянаў ён пісаў: “Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу. Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы прыстойна і вытрывала служылі Пану”. Таксама апостал казаў: хто жэніцца робіць добра, “але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш”.

З гэтага ўрыўку бачна, што прычынай добраахвотнага адмаўляння ад сужонскага жыцця, з’яўляецца жаданне цалкам прысвяціць сваё жыццё “клопату пра справы Пана”. У сувязі з гэтым, Апостал Народаў папярэджваў, што жанаты клапоціцца ў першую чаргу пра справы гэтага свету. Адначасова  св. Павел ніколі не прыніжаў значэння сужэнства. І цэлібат, у якім жыў ён сам, і пакліканне да сямейнага жыцця, апостал называў “дарамі”, якія кожны атрымлівае ад Бога.

Трэба адзначыць, што першапачаткова святарскі цэлібат у Касцёле быў добраахвотнай справай, але з цягам часу адбывалася яго паступовае замацаванне ў касцёльным праве. Яно канчаткова наступіла ў XI ст. У нашу эпоху Касцёл працягвае лічыць святарскі цэлібат вялікім багаццем. Аб яго важнасці казалі бл. Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Існаванне святарскага цэлібата сведчыць аб гатоўнасці каталіцкіх святароў, выконваючы місію Хрыста, наследаваць таксама і стыль жыцця Пана. 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.