2015-05-19 12:20:00

Папа: падумаць аб моманце развітання з гэтым светам


Аб важнасці прыгатавання да моманту развітання з гэтым светам казаў папа Францішак 19 мая 2015 г. у сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік пахіліўся над літургічнымі чытаннямі, якія прадстаўляюць сцэну развітання апостала Паўла з супольнасцю Эфеса, перад яго адыходам у Ерузалем, і развітання Езуса з вучнямі, падчас Апошняй вячэры.

Жыццё чалавека суправажае шмат развітанняў – малых і вялікіх. З імі звязаны пакуты і слёзы. Францішак нагадаў пра лёс асобаў вымушаных пакінуць сваю родную зямлю з прычыны вызнання веры, як, напрыклад, мусульман з М’янмы, якія ратуюцца ад пераследу мясцовых будыстаў, але не могуць знайсці прытулку ў ніводнай з суседніх краін. Падобны боль перажываюць хрысціяне і язіды з захопленай ісламскімі фундаменталістамі частцы Іраку, якія не ведаюць ці здолеюць яшчэ вярнуцца дамоў.

Звяртаючыся да літургічных чытанняў, Святы Айцец заклікаў вернікаў паразважаць аб прыгатаванні да апошняй хвіліны жыцця. Ён заўважыў, што і апостал Павел і Езус Хрыстус, на развітанне давяралі сваіх блізкіх Богу. “Ці я гатовы да таго, каб даверыць Богу самых дарагіх мне людзей, самога сябе, вымавіць слова, якое выказвае давер сына да Айца?”, - спытаў Францішак. Менавіта аб гэтай ласцы, ён заклікаў прасіць у Бога ў малітве і разважаючы пра ўласную апошнюю хвіліну.








All the contents on this site are copyrighted ©.