2015-05-17 11:39:00

Францішак кананізаваў чатырох заснавальніц кангрэгацый


17 мая 2015 г. папа Францішак здзейсніў кананізацыю чатырох законніц, якія жылі ў ХІХ стагоддзі: францужанкі Жанны Эмілі дэ Вільнёў, італьянкі Крысціны Марыі Брандо і палестынак Марыям Бавардзі і Мары-Альфонсін Гатас. Урачыстая св. Імша адбылася на галоўнай ватыканскай плошчы ў прысутнасці вялікай колькасці вернікаў, касцёльных іерархаў, прадстаўнікоў грамадскага і палітычнага жыцця. Сярод іх быў Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас. Кананізаваныя палестынскія законніцы, сталі першымі святымі ў гісторыі гэтага народу.  

"Кожны вучань Хрыста пакліканы станавіцца сведкам Яго ўваскрасення, асабліва ў тых чалавечых асяроддзях, дзе найбольш моцнае забыццё Бога і загубленасць чалавека”, - сказаў Пантыфік у сваёй гаміліі. Для выканнання гэтай місіі, трэба пастаянна прабываць у Богу, плёнам чаго становіцца любоў. “Гэта любоў ззяе ў сведчанні сястры Жанны Эмілі дэ Вільнёў, якая прысвяціла сваё жыццё Богу і бедным, хворым, вязням, прыгнечаным, і стала для іх усіх канкрэтным знакам міласэрнай любові Бога”, - сказаў Папа.

Прабыванне з Богам – гэта “атмасфера” ў якой жыве хрысціянін і ў якой знаходзіць сілу, каб заставацца верным Евангеллю, таксама пасярод перашкодаў і неразуменняў. “Прабываць у любові”: так чыніла таксама сястра Крысціна Марыя Брандо. Гарачая любоў Пана цалкам заваявала яе; ад малітвы, ад сардэчнай сустрэчы з Уваскрослым Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, яна атрымлівала сілы, каб пераносіць пакуты і дарыць сябе, як падзелены хлеб, шматлікім далёкім ад Бога асобам і прагнучым сапраўднай любові”, - падкрэсліў Францішак.

Адным з важных аспектаў сведчання аб Пану з’яўляецца адзінства паміж Яго вучнямі – адзінства падобнае таму, якое існуе паміж Асобамі Святой Тройцы. “Гэтай вечнай любоўю паміж Айцом і Сынам, якая выліваецца на нас праз Святога Духа, умацоўваецца наша місія і наша братэрская еднасць; з яе нараджаецца заўсёды новая радасць наследвання Пана на шляху Яго беднасці, Яго цнатлівасці і Яго паслухмянасці і гэта самая любоў кліча ўмацоўваць сузіральную малітву. Гэта выключным чынам перажыла сястра Марыя Бавардзі, якая пакорная і неадукаваная, была здольнай даваць парады і крайне зразумелыя тэалагічныя тлумачэнні, што было плёнам працяглага дыялогу са Святым Духам. Паслухмянасць Духу ўчыніла яе прыладай сустрэчы і адзінства з мусульманскім светам. Таксама і сястра Марыя-Альфонсін Гатас добра ўсвядоміла, што значыць распаўсюджваць Божую любоў праз апостальства, становячыся сведкай лагоднасці і адзінства. Яна дае нам ясны прыклад таго, наколькі важна быць адказнымі адно за аднаго, жыць служачы адно аднаму”, - сказаў Пантыфік.

Папа Францішак закончыў сваю гамілію пытаннем да сабраных на ватыканскай плошчы: наколькі з’яўляемся сведкамі Уваскрослага Езуса; як прабываем у Яго любові; ці здольныя “пасеяць” зерне адзінства ў сваіх сем’ях, працоўных асяроддзях, супольнасцях? 








All the contents on this site are copyrighted ©.