2015-05-17 10:17:00

Урачыстасць св. Андрэя Баболі ў Пінскай дыяцэзіі


Штогод 16 мая вернікі Пінскай дыяцэзіі збіраюцца ў горадзе Іванава, каб памаліцца ў месцы мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі. На ўрачыстасць сабраліся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, святары, кансэкраваныя асобы, клерыкі духоўнай семінарыі – за іх асабліва маліліся ў Іванаве ў год кансэкраванага жыцця. Прыгожа, велічна ўсе разам прайшлі да касцёла цэнтральнымі вуліцамі горада ад таго месца, дзе св. Андрэй Баболя быў схоплены казакамі, каб праз працэсію і спевы ўшанаваць апекуна Пінскай дыяцэзіі.

Служэнне гэтага Апостала Палесся прыйшлося на вельмі складаны для Беларусі перыяд – XVIII стагоддзе, калі ў палітычныя супрацьстаянні ўцягвалі па рэлігійных прынцыпах. Нягледзячы на смяротную пагрозу з боку ваяўнічых казакоў, якія лічылі, што толькі праваслаўная вера мае права на існаванне, і пры гэтым забівалі католікаў і яўрэяў, езуіт Андрэй Баболя працягваў бясстрашна евангелізаваць беларускія землі, навяртаючы ў каталіцтва сотні душ. Ад рук катаў жыццё святога абарвалася ў 1657 годзе. Казакі схапілі Андрэя Баболю, доўга і жорстка катавалі, але святы не адрокся ад каталіцкай веры.

У той час канфлікты і палітычныя, і рэлігійныя вельмі часта вырашаліся пераследам і войнамі. Дзякуй Богу, што цяпер працуе дыпламатыя і ў нашы часы такім чынам падобныя канфлікты не вырашаюцца, адзначыў у інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Антоні Дзям'янка.

“Калі гаварыць пра асобу святога Андрэя Баболі, мы ведаем, што гэта “душахват”, Апостал Палесся. Перш за ўсё ён пранікнуўся збаўленнем душ тых, пра якіх мала хто клапаціўся. Бо ў наваколлі Іванава тады жылі людзі вельмі рэлігійна занядбаныя. І менавіта святы Андрэй Баболя ішоў да іх. Адметнасць сёлетняй урачыстасці ў тым, што Пінская дыяцэзія святкуе 90-годдзе свайго існавання. Я ўзгадваю святароў, што скончылі духоўную семінарыю ў міжваенны перыяд, і яны гаварылі, што ўжо тады былі пілігрымкі да месца мучаніцкай смерці святога Андрэя Баболі. Можна сказаць, што святы, кананізаваны ў 1938 годзе, падрыхтаваў Пінскую дыяцэзію на гады ваеннага канфлікту і на дзесяцігоддзі пасляваеннай атэізацыі. Дзякуючы яго заступніцтву, вера вытрывала”, - падкрэсліў біскуп Антоні.

Каб удзельнічаць ва ўрачыстасцях, традыцыйна з Пінску прыбыла група маладых пілігрымаў на роварах, і ўпершыню ў Іванава прыехаў «звяз» каталіцкіх скаўтаў з Гомеля.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.