2015-05-16 17:14:00

Пантыфік да законнікаў: быць уважлівымі да патрэбаў людзей


16 мая 2015 г. папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з законнікамі і законніцамі Рымскай дыяцэзіі. Сёння, як ніколі “патрэбна быць цярплівымі і здольнымі прабачаць, не крытыкаваць”, сказаў ім Пантыфік. Прыкладам у гэтым заданні можа стаць маці, якая не абражае сваё дзіця, нібыта мачаха, вобразна адзначыў Папа.

Нагадваючы, што Касцёл знаходзіцца напярэдадні Году Божай Міласэрнасці, Пантыфік заклікаў законнікаў і законніц сведчыць аб міласэрнасці “з усмешкай на вуснах, з сэрцам поўным любові, як у маці”. Францішак падкрэсліў важнасць раўнавагі паміж “духоўным і канкрэтным”. Гэта значыць, ад законнікаў патрабуецца не занадта “лётаць у аблоках”, але і “стаяць на зямлі”, каб слухаць, чым жыве свет і якія патрэбы маюць браты. 

Нават кляўзуровыя законніцы не могуць быць выключанымі з жыцця свету, таму што іх пакліканне заключаецца не ва “ўцяканні”. Яны павінны “трымаць узнятымі антэны”, каб ведаць пра патрэбы людзей. Неабходна захоўваць жывы кантакт з тымі, хто стукае ў дзверы кляштараў і просіць аб дапамозе. Трэба служыць ім з усмешкай, таму што законніцам без усмешкі “чагосьці не дастае”. сказаў Францішак. Ён заклікаў іх маліцца за святароў і біскупаў па прыкладзе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. У сваю чаргу абавязкам біскупаў, паводле слоў Папы, з’яўляецца “стварэнне гармоніі ў дыяцэзіі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.