2015-05-15 09:59:00

Кардынал Тагле – новы кіраўнік “Сaritas Internationalis”


Арцыбіскуп Манілы кардынал Луіс Антоніа Тагле быў абраны новым кіраўніком “Сaritas Internationalis”. Гэта адбылося вечарам 14 мая 2015 г. у рамках Генеральнай асамблеі таварыства. З 2007 г. пасаду кіраўніка аб’яднання займаў гандураскі кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга.

Кардынал Тагле з’яўляецца адным з самых маладых пурпуратаў: ён мае 57 гадоў. Арцыбіскупам Манілы яго прызначыў Бэнэдыкт XVI 13 кастрычніка 2011 г., а амаль праз год, 24 лістапада 2012 г. урычыў яму кардынальскі берэт. У студзені 2015 г. пурпурат прымаў на Філіпінах папу Францішка.

Атрымаўшы навіну аб сваім абранні на пасаду новага кіраўніка найбуйнейшага каталіцкага дабрачыннага таварыства кардынал Тагле па тэлефоне звязаўся з удзельнікамі яго Генеральнай асамблеі і падзякаваў за аказаны яму давер.

Сустрэча прадстаўнікоў “Сaritas Internationalis” з усяго свету праходзіць у Рыме 12-17 мая 2015 г. У ёй прымаюць удзел дэлегаты з больш чым 160 краін. Галоўнымі тэмамі форума з’яўляюцца змены клімату і пашырэнне сацыяльнай няроўнасці ў свеце. Удзельнікі сходу спрабуюць вызначыць стратэгію для спынення гэтых негатыўных з’яў.

Генеральная Асамблея праводзіцца раз у чатыры гады. У склад “Caritas Internationalis” уваходзяць 154 нацыянальныя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, якія дзейнічаюць у 198 краінах і рэгіёнах свету. Мэта асацыяцыі – практычная рэалізацыя сацыяльнага служэння, гуманітарнай дапамогі і чалавечага развіцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.