2015-05-13 12:12:00

Францішак кананізуе чатырох заснавальніц кангрэгацый


Папа Францішак 17 мая 2015 г. узначаліць урачыстую св. Імшу, падчас якой будуць кананізаваныя чатыры законніцы, якія жылі ў XIX стагоддзі: францужанка Жанна Эмілі дэ Вільнёў, італьянка Крысціна Марыя Брандо і палестынкі Марыям Бавардзі і Мары-Альфонсін Гатас, прычым дзве апошнія стануць першымі палестынскімі законніцамі, кананізаванымі Каталіцкім Касцёлам.

Францужанка Жанна Эмілі дэ Вільнёў (1811-1854) з’яўляецца заснавальніцай манаскай супольнасці Сясцёр Маці Божай Беззаганнага Зачацця. Сёстры маюць перад сабой задачы дапамагаць бедным: маладым рабочым, хворым, зняволеным, і працуюць сёння ў 18 краінах.

Італьянская законніца Крысціна Марыя Брандо нарадзілася ў Неапалі ў 1856 г. У 12 гадоў Брандо вырашыла прысвяціць сябе Богу. Бацька быў супраць, але потым дазволіў ёй уступіць у кляштар кларысак у Фіярэнціне. У 1878 г. яна заснавала супольнасць Сясцёр адкупленчай Ахвяры Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Памерла ў 1906 г. пасля працяглай хваробы.

Мары-Альфонсін Гатас (1843-1927) нарадзілася ў Іерусаліме. Большую частку жыцця яна правяла, дапамагаючы бедным і навучаючы дзяцей у школах і дзіцячых дамах. Гатас з’яўляецца заснавальніцай Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшага Ружанца. У 2009 г. яна была абвешчана благаслаўлёнай.

Марыям Бавардзі нарадзілася ў Галілеі ў 1843 г. Стала законніцай у Францыі і працавала ў місійных супольнасцях ў Бэтлееме і Індыі. Ёй прыпісваюць дар прароцтва і стыгматы. Сястра Марыям памерла ад гангрэны ў 1878 ва ўзросце 33 гадоў. Папа Ян Павел II абвясціў яе благаслаўлёнай у 1983 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.