2015-05-13 11:19:00

Пантыфік скіраваў пасланне да вайсковых ардынарыяў


Ваенная прафесія сведчыць сваю высакароднасць і неабходнасць, калі знаходзіцца на службе імкненню да міру, павагі да закона, абароны бедных і слабых, у апазіцыі да тых, хто хоча вайны, адзначаецца ў пасланні папы Францішка, за подпісам кардынала Пьетра Параліна, да ўдзельнікаў 4-га Кангрэсу вайсковых ардынарыяў Еўропы. Форум праходзіць 11-15 мая 2015 г. у Парыжы на тэму “Ідэнтычнасць і місія ваенных ардынарыяў і іх роля ў спрыянні міру”. 

Касцёл павінен суцяшаць і падтрымліваць вернікаў, якія абралі гэту форму жыцця і гэты ідэал, лічыць Пантыфік, бо “небяспеку і смерць можна спалучыць з верай і надзеяй, агрэсіўнасць, з устрыманнем і справядлівасцю, нянавісць з любоўю і дараваннем”.

На адкрыцці форуму Святы Пасад прадстаўляў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Ён адзначыў, што вайсковыя ардынарыяты “адыгрываюць важную ролю ў прыхільнасці Касцёла падтрымцы і ўмацаванню міру”, “спрыяюць бачанню, арыентаванаму на агульнае дабро чалавецтва, нават у пытаннях вайны і міру, такім чынам дапамагаючы пашырыць перспектыву ў публічных дэбатах”, у якіх часта пераважаюць “вузкія нацыянальныя інтарэсы”, а не агульнае дабро грамадства і свету. Такі падыход, сказаў ватыканскі іерарх, з’яўляецца наступствам евангельскай і хрысціянскай маралі. Біблійнае разуменне спакою – гэта увага да бедных і слабых, імкненне стварыць больш справядлівы і больш чалавечны свет. 

Падчас парыжскага форуму гаворка ішла на такія тэмы, як: вайсковыя капеланы падчас Другой сусветнай вайны, досвед сучаснага ваеннага капелана, служба ўчора і сёння. На сённяшні дзень у Каталіцкім Касцёле існуе 36 вайсковых ардынарыятаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.