2015-05-13 15:36:00

Гатова ватыканска-палестынскае пагадненне


13 мая 2015 г. у Ватыкане завяршылася пасяджэнне двухбаковай камісіі Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Палестына, што працавала над Усёабдымным пагадненнем, якое стане наступным пасля падпісанага 15 лютага 2000 г. Базавага пагаднення. На ватыканскай сустрэчы была разгледжана праца, праведзеная на нефармальным узроўні сумеснай тэхнічнай групай, пасля апошняй афіцыйнай сустрэчы, якая праходзіла 6 лютага 2014 г. у Рамале ў Міністэрстве замежных спраў Дзяржавы Палестына, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Перамовы праходзілі пад старшынствам кс. Антуана Камілеры, пасакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, і пасла Равана Сулеймана, памочніка міністра замежных спраў Дзяржавы Палестына па шматбаковых пытаннях.

Абмеркаванне адбывалася ў сяброўскай і канструктыўнай атмасферы. Камісія з вялікім задавальненнем адзначыла прагрэс, дасягнуты ў распрацоўцы тэксту пагаднення, якое ўлічвае важныя аспекты жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Палестыне. Абодва бакі пагадзіліся, што працу Камісіі па тэксце Пагаднення можна лічыць скончанай, і што дакумент будзе прадстаўлены ў адпаведныя органы для зацвярджэння і вызначэння ў найбліжэйшай будучыні даты для падпісання.








All the contents on this site are copyrighted ©.