2015-05-12 11:12:00

Францішак на Кубе: чатыры дні і тры гарады


Святы Айцец будзе знаходзіцца на Кубе з 19 па 22 верасня 2015 г., паведаміў сакратарыят мясцовага епіскапату. Было заяўлена таксама, што маршрут папскай пілігрымкі будзе пралягаць праз тры гарады: Гавану, Ольгін, з насельніцтвам 500 тыс., і Сант’яга-дэ-Куба, дзе знаходзіцца санктуарый Маці Божай Міласэрнасці дэль-Кобра. З гэтага горада Францішак накіруецца ў Вашынгтон, адкуль распачне свой візіт у ЗША.

Аб планах Пантыфіка наведаць востраў стала вядома зусім нядаўна. У Ватыкане гэта пацвердзілі толькі некалькі тыдняў таму. Папу запрасілі мясцовыя ўлады і каталіцкія біскупы. Візіт адбудзецца па дарозе ў Злучаныя Штаты, але яго не можна лічыць проста этапам аднаго падарожжа, лічаць эксперты.

У ЗША Святы Айцец прабудзе з 22 па 27 верасня 2015 г. і наведае Вашынгтон, Нью-Ёрк і Філадэльфію, дзе прыме ўдзел у Сусветнай сустрэчы сям’яў. Чакаецца, што ён выступіць перад абедзвюма палатамі Кангрэса ЗША.

Вядома, што ватыканская дыпламатыя выступіла ў якасці пасярэдніка ў аднаўленні – пасля больш чым 50-ці гадоў – дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Куба і Злучанымі Штатамі Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.