2015-05-12 15:23:00

Пантыфік дасць пачатак кангрэсу “Caritas Internationalis”


Папа ўзначаліць 12 мая 2015 г. вечарам св. Імшу на распачацце 20-й Генеральнай асамблеі “Caritas Internationalis”. Эўхарыстыя пройдзе ў ватыканскай базыліцы. Сёлетні форум – знакавы, бо звязаны з абраннем новага кіраўніцтва гэтай агульнакасцёльнай дабрачыннай арганізацыі. Гандураскі кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга, яе старшыня, ужо заявіў аб сваім сыходзе з пасады пасля 8-гадовага перыяду прабывання на ёй. Новы кіраўнік будзе абраны ў бліжэйшыя дні.

Кардынал Марадзьяга кіраваў працай “Caritas Internationalis” два чатырохгадовыя тэрміны з 2007 г. У 2013 г. ён стаў каардынатарам Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі.

Генеральная Асамблея будзе працаваць у Рыме да 17 мая і збярэ прадстаўнікоў з амаль 160 краін свету.

Вядучымі тэмамі стануць змены клімату і пашырэнне сацыяльнай няроўнасці ў свеце. Удзельнікі сходу паспрабуюць вызначыць стратэгію для спынення гэтых негатыўных з’яў. Яны пачуюць, сярод іншага, выступленні айца Густава Гуцьерэса, аднаго з “бацькоў” тэалогіі вызвалення, і амерыканскага эканаміста Джэфры Сакса, саветніка генеральнага сакратара ААН. 

Генеральная Асамблея праводзіцца раз у чатыры гады. У склад “Caritas Internationalis” уваходзяць 154 нацыянальныя каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, якія дзейнічаюць у 198 краінах і рэгіёнах свету. Мэта асацыяцыі – практычная рэалізацыя сацыяльнага служэння, гуманітарнай дапамогі і чалавечага развіцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.