2015-05-10 14:07:00

Пантыфік і кубінскі Прэзідэнт сустрэліся ў Ватыкане


Каля гадзіны доўжыўлася 10 мая 2015 г. прыватная размова Святога Айца з Прэзідэнтам Рэспублікі Куба Раулем Кастра. Сустрэча прайшла ў папскім кабінеце пры Зале Паўла VI і завяршылася працяглым і сардэчным поціскам рук. Гэта быў першы візіт цяперашняга кіраўніка Кубы ў Ватыкан. Яго брат і папярэднік, Фідэль Кастра быў прыняты св. Янам Паўлам II 19 лістапада 1996 г.

Рауль Кастра прыбыў у 9.30 паводле рымскага часу і быў сустрэты ля ўваходу ў Залу Паўла VI прэфектам Папскага дому, арцыбіскупам Георгам Генсвайнам, субстытутам Святога Пасаду, арцыбіскупам Анджэла Бэчу і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Галахерам.

Затым, на працягу больш чым 50 хвілін Прэзідэнт гаварыў з Папам. Па словах кіраўніка Залы Друку, сустрэча была “вельмі сардэчнай”. Кастра, паводле таго, што сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі журналістам, “жадаў падзякаваць Святому Айцу за актыўную ролю, якую ён адыграў у паляпшэнні адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі”. Акрамя таго, ён прадставіў Пантыфіку пачуцці, з якімі кубінскі народ чакае яго візіту на востраў у верасні 2015 г.

З кіраўніком дзяржавы прыбыла дэлегацыя з 10 чалавек, у тым ліку намеснік прэм’ер-міністра, міністр замежных спраў і пасол Кубы пры Святым Пасадзе.

Папа ўручыў Прэзідэнту сваю Апостальскую адгартацыю “Evangelii Gaudium” і медальён з выявай св. Марцін, які ўкрывае сваім плашчом беднага. Францішак сказаў, што асабліва ахвотна ўручае гэты падарунак, каб ён нагадваў пра неабходнасць дапамогі і абароны бедных і іх годнасці.

Кубінскі лідэр спыніўся ў Рыме на зваротным шляху з Масквы, дзе ён удзельнічаў у расійскіх урачыстасцях з нагоды 70-годдзя заканчэння Вялікай айчыннай вайны.








All the contents on this site are copyrighted ©.