2015-05-10 14:11:00

Каралева Палесся сабрала пілігрымаў ад 2,5 да 87 гадоў


10 мая 2015 г. у Лагішыне адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся. Гэта адбылося ў 1997 г. дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка. А вядомы абраз з пачатку XVIII-га стагоддзя, калі ён праславіўся шматлікімі цудамі.

Напярэдадні, 9 мая, у санктуарый у Лагішыне з Пінску адбылася XXIII дыяцэзіяльная пешая пілігрымка. За адзін дзень пілігрымы пераадолелі 28 кіламетраў шляху. Адправіліся да Каралевы Палесся каля 90 вернікаў, у асноўным – моладзь. Самаму малодшаму пілігрыму было 2,5 гады, а самаму старэйшаму – 87. Вёў пілігрымку кс. Павел Ярашэвіч, які распавёў аб ёй Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. “Пілігрымка напоўненая рознымі падзеямі: шмат часу прызначана на малітву, але таксама і шмат, так скажам, вясёлага часу. Традыцыйна на абедзе клерыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якія таксама ўдзельнічаюць у пілігрымцы, праводзяць розныя забавы. Сёлетняя пілігрымка асаблівая і тым, што была магчымасць паслухаць расповеды клерыкаў пра тое, як яны адкрылі сваё пакліканне”, - падзяліўся кс. Павел.

У Лагішыне пілігрымы удзельнічалі ў св. Імшы і малітоўным чуванні на вігілію ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай. Думаецца, кожнаму пілігрыму асабліва запомніўся гэты дзень, прысвечаны Богу і Панне Марыі.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.