2015-05-09 12:01:00

Святы Айцец сустрэўся з мазамбікскім епіскапатам


Прызначыць асаблівае і вельмі асабістае месца святарам заклікаў папа Францішак біскупаў Мазамбіка, якіх прыняў 9 мая 2015 г. у Ватыкане. Яны прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. Пантыфік папрасіў епіскапат атуліць духоўным клопатам духавенства і “не забывацца пра чалавечыя патрэбы кожнага святара, асабліва ў найбольш далікатныя і важныя моманты іх служэння і жыцця”. Час, праведзены з святарамі для біскупа ніколі не будзе змарнаваным часам, перакананы Папа. Ён дадаў, што плённасць місіі “не гарантуецца колькасцю работнікаў або прэстыжам інстытута, ні нават колькасцю даступных рэсурсаў” – важна, каб усё было “працята любоўю Хрыста”. У Год кансэкраванага жыцця Святы Айцец заклікаў іерархаў звярнуць увагу на супрацоўніцтва з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў.

Касцёл, нагадаў Францішак, павінен быць сям’ёй, дзе сярод усіх пануе мірная і сяброўская атмасфера, разуменне і адказнае супрацоўніцтва. Гэта ўсё трэба будаваць на фундаменце Святога Пісання, катэхізацыі, удзелу ў сакрамэнтах, стварэння супольнасці, адносін з Богам. Важную ролю тут адыгрывае супрацоўніцтва паміж суседнімі дыяцэзіямі і касцёльнымі правінцыямі.

Біскупы не могуць забывацца пра “экзістэнцыяльныя перыферыі”, дзе ёсць пакуты, адзінота, чалавечае дэградацыя, звярную увагу Папа. Ён нагадаў мазамбікскаму епіскапату, што пастыр дыяцэзіі не можа не слухаць голасу сваіх авечак. Гаворка ідзе, напрыклад, пра дыяцэзіяльныя структуры, якія маюць кансультацыйную задачу: святарскую і душпастырскую рады, раду па эканамічных пытаннях. Біскуп не можа не мець гэтых структур, падкрэсліў Пантыфік.

На думку Францішка, Касцёл у Мазамбіку можа шмат зрабіць для пашырэння культуры сустрэчы ў сітуацыі напружанасці і канфліктаў. І самай эфектыўнай тут будзе інвестыцыя ў адукацыю, якая дапаможа маладым людзям думаць крытычна. 

Пантыфік заклікаў епіскапат “рэалізаваць добрыя адносіны” з кіраўніцтвам краіны ў рамках дамовы, заключанай 7 снежня 2011 г. паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Мазамбік. Таксама Каталіцкі Касцёл у краіне не можа “шкадаваць намаганняў для падтрымкі сям’і і абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці”.

Святы Айцец запрасіў біскупаў Мазамбіка быць смелымі “у адкрыцці новых шляхоў для Евангелля”.








All the contents on this site are copyrighted ©.