2015-05-09 12:48:00

Зацверджаны Статут Камісіі па абароне непаўналетніх


Кардынал Пьетра Паралін зацвердзіў “ad experimentum” на перыяд трох гадоў Статут Папскай камісіі па абароне непаўналетніх. Яго ўпаўнаважыў да гэтага Святы Айцец. Праца над дакументам працягвалася з моманту стварэння Камісіі Пантыфікам 22 сакавіка 2014 г. Мэта гэтага органа – прадухіляць у Касцёле выпадкі сексуальных злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх.

Статут вызначае характар і паўнамоцтвы Камісіі, яе склад, задачы пленарнага пасяджэння, якое склікаецца два разы на год, падзел функцый яе членаў, характарыстыкі рабочых груп і некаторыя агульныя прынцыпы, якія рэгулююць яе функцыянаванне. Падкрэсліваецца, што Камісія выконвае кансультацыйную ролю. Яна павінна прапанаваць Святому Айцу канкрэтныя ініцыятывы, звязаныя з абаронай непаўналетніх; і гэта з’яўляецца яе прыярытэтным заданнем.

Усе члены Камісіі, якіх можа быць да васямнаццацi чалавек, прызначаюцца Папам на тэрмін трох гадоў. Тэмы і прапановы для канкрэтных дзеянняў, перш чым іх адобрыць Камісія, будуць распрацоўвацца адпаведнымі рабочымі групамі. Кожная з іх павінна старанна прааналізаваць дадзеную праблематыку. Для гэтага можна прыцягнуць супрацоўнікаў, кампетэнтных у гэтым пытанні.

Праз тры гады, пасля перыяду “ad experimentum”, Статут павінен прайсці экспертызу. Магчымыя змены затым будуць прадстаўлены на зацвярджэнне Святога Айца.

У лютым 2015 г., перад першым пасяджэннем Камісіі ў поўным складзе, Францішак скіраваў старшыням біскупскіх канферэнцый усяго свету і настаяцелям інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ліст з просьбай аб супрацоўніцтве з гэтым органам, у склад якога ўвайшлі высокакваліфікаваныя асобы, вядомыя сваёй дзейнасцю ў галіне аховы падлеткаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.