2015-05-07 10:57:00

Рэкруты Швейцарскай гвардыі далі прысягу Пантыфіку


6 мая 2015 г. у Ватыкане прашла ўрачыстая цырымонія прысягі на вернасць Святому Айцу, якую далі 32 навабранцы Папскай швейцарскай гвардыі. Яны паабяцалі “верна, сумленна і высакародна” служыць Францішку і яго наступнікам. Рэкруты паходзяць з розных кантонаў Швейцарыі. Прысягу яны складалі на сваёй роднай мове: 24 навабранцы па-нямецку, 7 – па-французску,1 – па італьянску. На цырымоніі прысутнічалі блізкія гвардзейцаў і амаль увесь склад “папскага войска”.

Ад імя Пантыфіка да сабраных звярнуўся арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Святога Пасаду. Ён заклікаў гвардейцаў працягваць заставацца ў еднасці з Хрыстом, каб прыносіць плёны на падабенства вінаградных галінак. Іерарх уручыў некаторым з гвардзейцаў узнагароды і падзякаваў за сумленную і ахвярную службу.

Швецарскую Канфедэрацыю на ўрачыстасці прадстаўлялі міністр унутраных спраў Ален Берсэ і пасол краіны пры Апостальскай Сталіцы Пьер-Ів Фукс. У якасці спецыяльных гасцей на цырымонію былі запрошаны члены ўраду кантона Вале, разам з мясцовым біскупам і абатам найбуйнейшага ў рэгіёне кляштару св. Маўрыкія Агонскага. Перад прысягай гвардзейцы прынялі ўдзел у Эўхарыстыі, якую ў ватыканскай базыліцы ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Прысяга швейцарскіх гвардзейцаў на вернасць Пантыфіку традыцыйна складаецца 6 мая, у памяць аб падзеях 1527 года. У гэты дзень адбылася бітва гвардзейцаў з 20-тысячнай арміяй імператара Карла V, падчас якой загінулі 147 з іх. Коштам свайго жыцця і гераізму яны абаранілі Пантыфіка і не дазволілі ўзяць яго ў палон.








All the contents on this site are copyrighted ©.