2015-05-07 11:14:00

Папа сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй


7 мая 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Сумеснага камітэта Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК). Яго пасяджэнне праходзіць у Рыме 6-8 мая 2015 г. і галоўным чынам прысвечана хрысціянскаму ўяўленню свабоды.

“Камітэт, у склад якога вы ўваходзіце, мае на мэце суправаджаць экуменічны шлях у Еўропе, дзе шмат падзелаў, якія да сённяшняга дня існуюць паміж хрысціянамі, узялі свой пачатак. Сёння, дзякуй Богу, сітуацыя вельмі адрозніваецца. Экуменічны рух дазволіў Цэрквам і царкоўным супольнасцям ў Еўропе зрабіць вялікія крокі на шляху да прымірэння і спакою”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў плённае супрацоўніцтва паміж Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў, вынікам якога стала заключэнне ў 2001 г. у Страсбургу супольнай Экуменічнай хартыі.

Францішак заклікаў працягваць крочыць насустрач адно аднаму, нягледзячы на існуючыя цяжкасці. Ён нагадаў, што падзел паміж хрысціянамі з’яўляецца перашкодай у прапаведванні Евангнелля. “Гэта становіцца відавочным, напрыклад, калі Цэрквы і царкоўныя супольнасці ў Еўропе прадстаўляюць розныя пункты гледжання на шматлікія важныя антрапалагічныя або маральныя пытанні”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён пажадаў, каб прадстаўнікі розных традыцыі працягвалі сумесна разважаць на гэтыя тэмы, разам углядаючыся ў Езуса Хрыста. “Чым больш мы будзем набліжацца да Хрыста, тым больш будзем адзінымі паміж сабой”, - сказаў Папа.

Сярод выклікаў, на якія неабходна адказаць сумесна, Францішак узгадаў праблему міграцыі і канфліктаў, а таксама законаў, якія грунтуюцца на кепскай інтэрпрытацыі прынцыпу талерантнасці, перашкаджаюць людзям свабодна выражаць і практыкаваць мірным і законным чынам уласную веру. 








All the contents on this site are copyrighted ©.