2015-05-07 13:17:00

Пантыфік назваў выклікі для Касцёла ў Малі


На сумесныя абавязацельствы хрысціян і мусульман для абароны культурных каштоўнасцяў Малі звярнуў увагу Святы Айцец, прымаючы 7 мая 2015 г. у Ватыкане епіскапат гэтай краіны, які здзяйсняе ў гэтыя дні візіт “ad limina Apostolorum”. Ён падзякаваў іерархам, што ў складанай палітычнай абстаноўцы ім удалося захаваць дух міжрэлігійнага дыялогу. На думку Папы, хрысціянскія супольнасці і іх пастыры павінны сведчыць веру з яшчэ большай сілай, безумоўна прымаючы евангельскія каштоўнасці. Гэтаму спрыяюць ініцыятывы па перакладзе Бібліі на мясцовыя мовы, прадпрынятыя ў апошні час, а таксама развіццё катэхізацыі і адукацыі. 

Сям’я па-ранейшаму застаецца адным з галоўных асяродкаў хрысціянскага сведчання, нагадаў Пантыфік і заўважыў, што ў Малі гэты інстытут не пазбег крызісу, што выражаецца ў шматлікіх разводах і з’яве палігаміі. Ён заклікаў біскупаў садзейнічаць ролі жанчын у грамадстве і Касцёле, клапаціцца пра святарскія пакліканні, супрацоўнічаць з манаскімі кангрэгацыямі, пашыраць дабрачынную дзейнасць. Па-за ўвагай пастыраў не можа застацца і спрыянне нацыянальнаму прымірэнню, абарона чалавечай годнасці і супрацьстаянне дыскрымінацыі па этнічнай ці рэлігійнай прыкметах. Для вырашэння праблем апошніх гадоў асабліва важная культура салідарнасці і гасціннасці. Святы Айцец заклікаў малійскі епіскапат развіваць душпастырства моладзі. “Маладыя людзі павінны быць сапраўднымі будаўнікамі міру і паяднання”, - лічыць ён.

Пантыфік папрасіў перадаць асаблівыя выразы яго блізкасці пакутуючым асобам і заклікаў малійскіх вернікаў не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.