2015-05-06 10:32:00

Францішак сустрэнецца з кубінскім Прэзідэнтам


У бліжэйшую нядзелю, 10 мая 2015 г. Святы Айцец прыме Прэзідэнта Рэспублікі Куба Рауля Кастра, паведаміў кіраўнік Залы Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што аўдыенцыя будзе строга прыватнай і пройдзе у пакоі спатканняў Залы Паўла VI, недалёка ад папскай рэзідэнцыі ў Доме св. Марты. Святар нагадаў, што кубінскі лідэр публічна дзякаваў Пантыфіку за ролю, якую ён адыграў у збліжэнні паміж Кубай і Злучанымі Штатамі, і што ў верасні гэтага года, перад візітам у ЗША, Святы Айцец наведае Кубу.

Кубінскі епіскапат ужо стварыў спецыяльную камісію для падрыхтоўкі запланаванага падарожжа Францішка ў краіну.

Некалькі дзён таму з паездкі на Кубу вярнуўся ў Ватыкан прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства. Падчас свайго візіту на востраў кардынал Беньяміна Стэла сустрэўся, сярод іншых, з Раўлем Кастра. Кіраўнік гэтай важнай ватыканскай дыкастэрыі заявіў Ватыканскаму радыё, што абмяркоўваліся тэмы: эканамічных цяжкасцяў на Кубе, аднаўлення разбураных храмаў, доступу Касцёла да СМІ. 

Кардынал адзначыў важнасць прыезду Пантыфіка на востраў, таму што мясцовыя жыхары ўспрымаюць яго як “свайго”, выхадца з Лацінскай Амерыкі, які размаўляе на іх роднай мове. “Я думаю, што існуе натуральная хімія паміж светам Лацінскай Амерыкі, у гэтым выпадку кубінскім, і папам Францішкам”, - сказаў кардынал Стэла. Ён лічыць, што “гэта будзе па-сапраўднаму пастырскі візіт”, бо Святы Айцец “хоча адчуць гэты асаблівы Касцёл на Кубе, які моцна пашыраецца і які мае так шмат хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцяў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.