2015-05-05 15:35:00

Папа прыме хрысціянскіх іерархаў Еўропы


7 мая 2015 г. папа Францішак прыме на аўдыенцыі членаў Сумеснага камітэта Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы (ССЕЕ) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕК). Пасяджэнне гэтых структур будзе праходзіць у Рыме 6-8 мая 2015 г.

Галоўнай тэмай асамблеі будзе хрысціянскае бачанне свабоды. Каталіцкі пункт гледжання прадставіць старшыня італьянскага епіскапату кардынал Анджэла Баньяска, пратэстанскі – шведская пастар Карын Бурстранд, а праваслаўны – айцец Нікалас Казарян з Францыі. У некаторых пасяджэннях прыме ўдзел прадстаўнік Апостальскай Сталіцы – кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У рамках форума прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій будуць абмяркоўвацца пытанні свабоды словы, ролі голасу хрысціянскіх супольнасцяў у сучасным індывідуалістычным грамадстве і многія іншыя.

Сумесны камітэт існуе ад 1972 г. і яго мэтай з’яўляецца супрацоўніцтва паміж Канферэнцыяй Еўрапейскіх Цэркваў (да якой належыць 120 праваслаўных, старакаталіцкіх, пратэстанцкіх і англіканскіх супольнасцяў) і Радай Канферэнцый Біскупаў Еўропы, да якой належаць 33 каталіцкія епіскапаты кантынента.








All the contents on this site are copyrighted ©.