2015-05-05 14:45:00

Падзеі Году Міласэрнасці прадстаўлены ў Ватыкане


“Касцёл жыве невычэрпным жаданнем падарыць міласэрнасць”. У гэтых словах з Апостальскай адгартацыі папы Францішка “Evangelii gaudium” заключаны сэнс Надзвычайнага Святога Году Божай Міласэрнасці, распавёў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, 5 мая 2015 г. у Ватыкане.

Падчас прэзентацыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы іерарх падзяліўся, што дэвізам Святога Году будуць словы “Міласэрныя, як і Айцец”, узятыя з Евангелля паводле св. Лукі. Лагатып Юбілею распрацаваў вядомы славенскі мастак і тэолаг кс. Марка Іван Рупнік. Ён уяўляе сабой выяву Хрыста, які нясе на сваіх плячах знясіленага чалавека.

Падзеі з удзелам розных катэгорый вернікаў пройдуць на працягу 2016 г. 19-21 студзеня адбудзецца ініцыятыва прысвечаная ўсім, хто ўдзельнічае ў пілігрымкавым руху. “Мы папросім пілігрымаў прайсці частку шляху пешшу, каб падрыхтавацца пераступіць праз “Святыя дзверы” у духу веры і малітвы. Вельмі важна прыгатаваць тых асобаў, якія займаюцца пілігрымкавым рухам, каб яны былі ў стане ўзняцца на сферай звычайнага турызму. Але каб гэтага дасягнуць, яны самі павінны, першымі, стаць пілігрымамі”, - адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

3 красавіка ў Ватыкане адбудзецца цэлебрацыя для членаў шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцяў звязаных з духоўнасцю міласэрнасці. Члены дабрачынных валанцёрскіх аб’яднанняў запрашаюцца ў Ватыкан 4 верасня. Асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць, змогуць прыняць удзел у спецыяльнай цэлебрацыі 9 кастрычніка. Сустрэча для моладзі адбудзецца 24 красавіка. Цэлебрацыі для дыяканаў, святароў і катэхетаў пройдуць адпаведна 29 мая, 3 чэрвеня і 25 верасня. Хворыя і інваліды запрашаюцца наведаць Ватыкан 12 чэрвеня. 6 лістапада адбудзецца спецыяльная цэлебрацыя для вязняў. Папа Францішак выказаў пажаданне, каб яны змаглі наведаць базыліку св. Пятра, адзначыў арцыбіскуп Фізікела.

Пілігрымы, якія прыбудуць у Рым асобна, змогуць атрымаць неабходную дапамогу і малітоўна падрыхтавацца да праходу праз “Святыя дзверы” ватыканскай базылікі, у некаторых касцёлах у цэнтры Вечнага горада.

Надзвычайны Святы Год Божай Міласэрнасці пачнецца ва ўсім Каталіцкім Касцёле 8 снежня 2015 г., у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і будзе працягвацца да ўрачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 г.  








All the contents on this site are copyrighted ©.