2015-05-04 13:04:00

Францішак сустрэўся з кіраўніцай Царквы Швецыі


4 мая 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Лютэранскай Царквы Швецыі на чале з яе кіраўніцай, архіепіскапам Упсалы Анцье Якелен. У цэнтры прамовы Святога Айца была тэма экуменізму. Падзел паміж хрысціянамі не толькі супярэчыць волі Хрыста, але і з’яўляецца спакусай для свету. Ён перашкаджае самай галоўнай мэце: абвячшэнню Евангелля кожнаму стварэнню, адзначыў Пантыфік.

Спасылаючыся на дэкрэт пра экуменізм Другога Ватыканскага Сабора “Unitatis Redintegratio” Папа нагадаў пра павагу Касцёла да “адлучаных” братоў і сясцёр. Яны не разглядаюцца ў якасці ворагаў або канкурэнтаў, але ў якасці тых, кім з’яўляюцца: братоў і сясцёр у веры. “Католікі і лютэране пакліканы шукаць адзінства і спрыяць яму ў дыяцэзіях, парафіях, у супольнасцях па ўсім свеце. На шляху да поўнага і бачнага адзінства ў веры, у сакрамэнтальным жыцці і касцёльнай таямніцы яшчэ шмат трэба зрабіць, але мы можа быць упэўненымі, што Дух Суцяшыцель будзе заўсёды святлом і сілай духоўнага экуменізма і тэалагічнага дыялогу”, - сказаў Папа.

Францішак пажадаў, каб экуменічныя адносіны развіваліся ў дабрачыннай сферы, у працы на карысць самых слабых і безабаронных. “Тэрміновую важнасць мае таксама пытанне годнасці чалавечага жыцця, якая заўсёды павінна паважацца, а таксама тэматыкі звязаныя з сям’ёй, сужэнствам і сексуальнасцю, якія не могуць замоўчвацца ці ігнаравацца з-за страху паставіць пад пагрозу дасягнутую экуменічную згоду. Было б шкада, калі б гэтыя важныя пытанні ўмацавалі новыя канфесійныя адметнасці”, - выказаў сваю пазіцыю Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.