2015-05-03 12:14:00

Святы Айцец ушануе гадавіну нараджэння Дантэ Аліг’еры


Папа Францішак скіруе спецыяльнае пасланне да верхняй палаты італьянскага парламента з нагоды 750-годдзя з дня нараджэння Дантэ Аліг’еры. Паінфармаваў аб гэтым кардынал Джанфранка Равазі, старшныя Папскай рады па культуры. Іерарх адзначыў, што ўжо раней рымскія Пантыфікі аддавалі даніну павагі аўтару “Боскай камедыі”.

Бэнэдыкт ХV прысвяціў яму энцыкліку “In praeclara summorum”, у якой падкрэсліў як фларэнційскі паэт у сваёй творчасці натхняўся хрысціянскай верай. У свой час, Павел VI з нагоды 700-годдзя з дня нараджэння Дантэ прысвяціў яму Апостальскі ліст “Altissimi cantus”. Старшыня Папскай рады па культуры нагадаў, што Павел VI пісаў пра Дантэ з вялікай прыхільнасцю. “Наш Дантэ! Наш, значыць каталіцкай веры”, - пісаў благаслаўлёны Папа, падкрэсліваючы вялікую сілу яго паэзіі. “Ён здольны радыкальна змяніць чалавека, перавесці яго з блытаніны да мудрасці, з граху да святасці, з галечы да шчасця, з жахлівага сузірання пекла да благаслаўлёнага бачання раю”, - чытаем у Апостальскім лісце папы Паўла VI пра Дантэ Аліг’еры.

Ян Мойсік

 








All the contents on this site are copyrighted ©.