2015-05-02 13:23:00

Францішак наведаў паўночнаамерыканскі калегіўм у Рыме


2 мая 2015 г. Пантыфік наведаў Папскі паўночнаамерыканскі калегіўм у Рыме, дзе ўзначаліў св. Імшу з нагоды Дня разважання аб кананізацыі бл. Хуніпера Серы – заснавальніка каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі, у тым ліку ў Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Сакрамэнта і Сан-Дыега. Папа ўрачыста абвесціць гэтага іспанскага місіянера святым падчас свайго візіту ў ЗША, 24 верасня 2015 г. у Вашынгтоне.

У сваёй гаміліі Францішак звярнуў увагу на некаторыя рысы ўласцівыя будучаму святому. У першую чаргу, ён быў нястомным місіянерам, падкрэсліў Папа. Менавіта гарачае жаданне абвяшчаць людзям Евангелле падштурхнула яго пакінуць радзіму, сваю зямлю, сям’ю, універсітэцкую кафедру, уласную францішканскую супольнасць і ісці на край свету.Таксама і сучасныя святары павінны мець падобную адвагу – павінны быць гатовымі пакінуць усё, каб аддаваць пашану Богу, ісці за Ім, знаходзіць Яго ў абліччах бедных, абвяшчаць Яго тым, хто Яго не ведае і таму не адчувае сябе ў абдымкай Яго міласэрнасці, лічыць Святы Айцец.Папа нагадаў пра марыйную пабожнасць бл. Хуніпера Серы. Перш чым накіравацца на місію ён прысвяціў сваё жыццё Маці Божай Гвадэлупскай, чый культ затым пашырыў на ўсім каліфарнійскім узбярэжжы. “Яе немагчыма адзяліць ад сэрцаў амерыканцаў”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец назваў бл. Хуніпера Серу адным з айцоў-заснавальнікаў ЗША і асаблівым абаронцам іспанамоўнага насельніцтва краіны. Ён заклікаў да сузірання сведчання святасці гэтага місіянера, “каб амерыканскі народ адкрыў уласную ідэнтычнасць, пастаянна ўмацоўваючы сваю прыналежнасць да Хрыста і Яго Касцёла”.

“Папросім Езуса Уваскрослага, Пана гісторыі, каб жыццё нашага амерыканскага кантынента ўсё больш укаранялася ў атрыманым Евангеллі; каб Хрыстус заўсёды прысутнічаў у жыцці людзей, сем’яў, народаў і нацый, дзеля большай хвалы Бога”, - сказаў Папа. Гэта хвала, на яго думку, павінна праявіцца ў культуры жыцця, братэрстве, салідарнасці, міры і справядлівасці, у дзейснай любові да самых бедных.

На заканчэнне сваёй гаміліі Францішак падзякаваў супольнасці Папскага паўночнаамерыканскага калегіўма, амерыканскім кардыналам і біскупам за гасціннасць і назваў свой візіт “цудоўнымі ўводзінамі” ў восеньскае падарожжа ў ЗША. 








All the contents on this site are copyrighted ©.