2015-05-01 12:05:00

Еўрапарламент асудзіў пераслед хрысціян


Еўрапейскі парламент асудзіў пераслед хрысціян у свеце. Рэзалюцыя, азагалоўленая “Пераслед хрысціян на ўсім свеце ў сувязі з забойствам студэнтаў у Кеніі ісламскай тэрарыстычнай групай Аль-Шабааб”, была прынята 29 красавіка 2015 г. За яе прагаласавалі 578 дэпутатаў Еўрапарламента, 31 – былі супраць, 34 – устрымаліся. Гэты дакумент асуджае напады на хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігійных груп, і выступае з патрабаваннем, каб Еўрапейскі саюз падтрымаў Кенію ў барацьбе супраць экстрэмістаў.

У канцы галасавання сацыялістычная фракцыі заявіла, што “трываючая хваля насілля” з’яўляецца “злачынствам супраць чалавецтва”. Тым не менш, перад дэбатамі сацыялісты і фракцыя зялёных у Еўрапарламенце выступілі супраць яснага выкарыстання акрэслення “пераслед хрысціян” у назве рэзалюцыі.

Аднак, большасць дэпутатаў Еўрапарламента выказаліся за тое, каб не адмаўляцца ў тытуле дакумента ад тэрмінаў “хрысціяне” і “ісламская тэрарыстычная група”. Старшыня кансерватыўнай фракцыі аргументаваў, што гэта выраз салідарнасці з пераследаванымі паслядоўнікамі Хрыста. Ужо сама назва рэзалюцыі павінна падкрэсліваць, што многія хрысціяне ў свеце падвяргаюцца пераследу і прыгнёту. Цяпер дакумент будзе прадстаўлены на разгляд Еўрапейскай камісіі і Савета Еўропы.

У пачатку красавіка баевікі з групы аль-Шабааб здзейснілі тэракт ва ўніверсітэце ў Гарыса. У гэтым самым жорсткім за апошнія гады ў Кеніі акце насілля загінулі па меншай меры 170 чалавек і 80 былі паранены. Сведкі паказалі, што тэрарысты наўмысна абралі сваімі ахвярамі хрысціянскіх студэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.