2015-04-30 12:48:00

Новая камісія зоймецца рэформай ватыканскіх СМІ


Пантыфік 30 красавіка 2015 г. прыняў рашэнне аб стварэнні новай камісіі. Яе праца будзе сканцэнтравана вакол пытання рэформы ватыканскіх СМІ. З такой рэкамендацыяй да Папы выступіла Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам на сваім апошнім пасяджэнні 13-15 красавіка 2015 г. Заданнем новастворанай камісіі будзе вывучэнне канчатковага рапарту яшчэ адной камісіі, якая пад кіраўніцтвам брытанскага медыя-эксперта Крыстафера Патэна працавала ў мінулыя месяцы ў Ватыкане і выступіла са сваімі прапановамі па зменах. Новая група экспертаў павінна адказаць на пытанне, на колькі высновы канчатковага рапарту прымянімыя да “ватыканскай рэальнасці”.

Камісія поўнасцю складаецца з касцёльных медыя-экспертаў. Яе ўзначаліць кс. Дарыа Вігано, кіраўнік Ватыканскага тэлецэнтра, якому будуць дапамагаць: Паола Нусінэр, генеральны дырэктар “Avvenire”; кс. Лусіа Адрыян Руіс, кіраўнік ватыканскага інтэрнэт-аддзела; кс. Антоніа Спадара, дырэктар езуіцкага выдання “La Civiltà Cattolica”; і кс. Пол Тай, сакратар Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.