2015-04-30 12:28:00

Ватыкан: маральная рэвалюцыя для захавання прыроды


Неабходна сапраўдная маральная рэвалюцыя, каб адказаць на праблему кліматычных зменаў, абараніць навакольнае асяроддзе і паменшыць “патэнцыйна катастрафічную пагрозу”, якая вісіць над ўсімі, і ў першую чаргу, над трыма мільярдамі бедных. Пра гэта гаворыцца ў выніковым дакуменце міжнароднага семінара аб маральнай адказнасці за сітуацыю з кліматам на планеце, які прайшоў 28 красавіка 2015 г. у Папскай акадэміі навук. У форуме прымалі ўдзел шматлікія ватыканскія іерархі, навукоўцы, эксперты, палітыкі, а таксама генаральны сакратар ААН Пан Гі Мун.

У дакуменце адзначаецца, што “акрамя інстытуцыйных рэформ, палітычных змен і ўвядзення тэхналагічных інавацый, існуе фундаментальная патрэба ў пераарыентацыі паводзінаў чалавека ў адносінах да прыроды, і як наступства, да самаго сябе”. Пошук магчымасцяў для развіцця ўстойлівых адносін з планетай, “патрабуе не толькі дзейнасці навукоўцаў, палітычных лідэраў і грамадскай супольнасці, але сапраўднай маральнай рэвалюцыі”. Рэлігійныя інстытуты “могуць і павінны стаць на чале гэтых новых адносін да стварэння”, гаворыцца ў пасланні.

Удзельнікі семінара заклікалі да больш глыбокага ўсведамлення рызык, звязаных з глабальным пацяпленнем, і прыняцця неадкладных мер для выратавання ўсяго чалавецтва.

Вынікам форума стаў яшчэ адзін дакумент – дэкларацыя рэлігійных і палітычных лідэраў, навукоўцаў і прадстаўнікоў грамадскага сектара. Яны заклікалі перанакіраваць на абарону экалогіі фінансавыя сродкі, прызначаныя на вайсковыя патрэбы, а таксама звярнуліся да багатых краін з просьбай дапамагчы бедным у іх спробах узяць пад кантроль змены клімату.








All the contents on this site are copyrighted ©.