2015-04-29 11:47:00

Папа: дзеці – галоўныя ахвяры разводаў


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 29 красавіка 2015 г. папа Францішак заклікаў хрысціянскія сем’і сваім жыццём даваць сведчанне аб прыгажосці сакрамэнту сужэнства. Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез аб Божым плане адносна саюзу паміж мужчынам і жанчынай. Ён пачаў сваё разважанне з узгадкі пра цуд перамянення вады ў віно, які Езус здзейніў на вяселлі ў Кане Галілейскай. На думку Пантыфіка, гэта быў знак вялікай сімпатыі Бога да сям’і. “З часоў вяселля ў Кане шмат змянілася, але “знак” Хрыста ўтрымлівае пасланне, якое заўсёды застаецца ў сіле”, - перакананы Папа.

“Сёння, здаецца, нялёгка казаць пра сужэнства, як пра свята, якое абнаўляецца ў часе, на розных этапах усяго жыцця сужонкаў. Гэта факт, што асоб, якія заключаюць сужэнства, становіцца ўсё менш. Гэта факт: моладзь не жадае пабірацца шлюбам! У многіх краінах павялічваецца колькасць разводаў , у той час, як памяншаецца колькасць дзяцей. Складанасць заставацца разам – у якасці пары ці сям’і – вядзе да разарвання сувязяў з усё большай частатой і хуткасцю, і менавіта дзеці становяцца першымі, хто адчувае наступствы гэтага. Звернем увагу, што першымі ахвярамі, самымі галоўнымі ахвярамі, ахвярамі, якія пакутуюць больш за ўсіх пры разводзе, з’яўляюцца дзеці. Калі з маленства бачыш, што сужэнства – гэта сувязь “на вызначаны тэрмін”, для цябе несвядома гэта будзе так. На самой справе, многія маладыя людзі прыйшлі да адмаўлення самой ідэі непарыўнасці сувязі і трывалай сям’і. Я думаю, што мы павінны вельмі сур’ёзна падумаць над тым, чаму многія юнакі і дзяўчаты не адчуваюць жадання заключаць сужэнства”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец лічыць неабходным знайсці адказы на пытанні адносна таго, чаму моладзь адмаўляецца ад сужэнства, чаму аддае перавагу сужыццю без шлюба,  вельмі часта з “абмежаванай адказнасцю”, чаму многія – нават ахрышчаныя – маюць недавер да сужэнства і сям’і? “Важна імкнуцца зразумець гэта, калі хочам, каб моладзь змагла знайсці правільны шлях у жыцці”, - падкрэсліў Францішак.

“Цяжкасці маюць не толькі эканамічны характар, нават калі і яны дастаткова сур’ёзныя. Многія лічаць, што змены, якія адбыліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, выклікала эмансіпацыя жанчын. Але і гэты аргумент не мае сілы. (...) Гэта адна з формаў мужчынскага шавінізму. (...) На самой справе, амаль усе мужчыны і жанчыны жадалі б стабільнай пачуццёвай бяспекі, моцнага сужэнства і шчаслівай сям’і. Сям’я стаіць на першым месцы ва ўсіх апытаннях сярод моладзі. Але са страху памыліцца многія не жадаюць пра яе нават думаць. Нават будучы хрысціянамі, не думаюць пра сакрамэнтальнае сужэнства, адзіны і непаўторны знак саюзу, што становіцца сведчаннем веры. Магчыма, менавіта гэты страх перад паразай з’яўляецца значнай перашкодай для таго, каб прыняць слова Хрыста, Які абяцае сваю ласку сужэнскаму саюзу і сям’і”, - сказаў Святы Айцец.

На думку Пантыфіка, самае пераканаўчае сведчанне аб благаслаўленні сужэнства і прыгажосці сакрамэнту, могуць даць менавіта хрысціянскія сужонкі і сем’і. “Сужэнства, асвечанае Богам, бароніць тую сувязь паміж мужчынам і жанчынай, якую Бог благаславіў ад самага стварэння свету. Яно з’яўляецца крыніцай спакою і дабра для ўсяго сужэнскага і сямейнага жыцця”, - сказаў Папа.

Францішак лічыць, што хрысціянскае зерне радыкальнай роўнасці паміж сужонкамі, дзякуючы якому былі пераадолены шматлікія злоўжыванні ў грамадскім праве, што існавалі ў першыя часы хрысціянства, сёння павінна прынесці новыя плёны. У гэтым кантэксце ён заклікаў вызнаўцаў Хрыста падтрымліваць права на роўную аплату працы мужчыны і жанчыны, змагацца за прызнанне каштоўнасці мацярынства жанчын і бацькоўства мужчын, на карысць дзяцей.

На заканчэнне сваёй катэхезы Папа нагадаў, што хрысціяне, якія заключаюць сужэнства “у Пану”, становяцца плённым знакам любові Бога. Пантыфік пераканыны, што яны не пабіраюцца шлюбам толькі для саміх сябе – яны заключаюць сужэнства “у Пану” на карысць усёй супольнасці, усяго грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.