2015-04-28 13:19:00

Пантыфік прывітаў Генеральнага сакратара ААН


Папа Францішак сустрэўся з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам, які прымае ўдзел у аднадзённым семінары ў Папскай акадэміі навук на тэму “Абараніць зямлю, зрабіць высакародным чалавецтва. Маральнае вымярэнне кліматычных зменаў і ўстойлівага чалавецтва”. Святы Айцец наведаў яе раніцай 28 красавіка 2015 г., каб асабіста прывітаць высокага госця. У форуме прымаюць удзел шматлікія эксперты, навукоўцы, ватыканскія іерархі. На яго прыбудзе Прэзідэнт Італіі Серджыа Матарэла.

Мэта семінара – паказаць адпаведнасць каштоўнасцяў устойлівага развіцця каштоўнасцям асноўных рэлігійных традыцый, у тым ліку ў перспектыве клопату пра самых безабаронных. Ватыканскі форум узносіць на новы ўзровень дыскусію аб маральным вымярэнні абароны навакольнага асяроддзя і жадае кансалідаваць сусветны міжрэлігійны рух на карысць абароны экалогіі. Адным з заданняў семінара з’яўляецца заключэнне супольнай дэкларацыі аб маральным і рэлігійным імператыве ўстойлівага развіцця. Чакаецца, што яна будзе падпісана на заканчэнне форума.

У сваім звароце да ўдзельнікаў Генеральны сакратар ААН нагадаў, што погляды навукі і рэлігіі на кліматычныя змены супадаюць, таму паміж імі павінна існаваць супрацоўніцтва. Для пераўтварэння сучасных эканомік у спрыяльныя для экалогіі і ўстойлівага развіцця, неабходна змена мыслення і сумленняў, і тут рэлігіі могуць зрабіць адмысловы ўклад, заўважыў Пан Гі Мун. Ён прызнаўся, што з нецярпеннем чакае з’яўлення энцыклікі папы Францішка на тэму экалогіі, якая, на яго думку, зможа данесці да свету пасланне пра тое, што абарона навакольнага асяродзя з’яўляецца актуальным маральным імператывам і святым абавязкам усіх людзей веры і добрай волі.








All the contents on this site are copyrighted ©.