2015-04-24 10:48:00

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Дыега Марадону


Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі былога аргентынскага футбаліста Дыега Арманда Марадону. Легендарны спартсмен прымае актыўны ўдзел у ініцыятывах і праектах міжнароднай адукацыйнай сеткі “Scholas Occurentes”, заснаванай Хорхэ Марыё Берголіа яшчэ падчас служэння ў Буэнас-Айрэсе.

Некалькі дзён таму, у яе рамках было заключана пагадненне з Паўднёваамерыканскай федэрацыяй футбола. Яно прадугледжвае ахвяраванне на рэалізацыю адукацыйных праектаў 10 тыс. долараў за кожны забіты гол або адбіты пенальці падчас Кубку Амерыкі па футболе, які пройдзе з 11 чэрвеня па 4 ліпеня 2015 г. у Чылі.

Пасля аўдыенцыі ў Ватыкане Марадона прызнаўся, што вельмі ўдзячны Пантыфіку за любоў, павагу і клопат аб дзецях. “Мы размаўлялі пра многія рэчы, пра неабходнасць аб’яднання футбалістаў дзеля супольнай дзейнасці на карысць дзяцей, якія галадаюць у многіх частках свету”, - сказаў спартсмен і дадаў, што з’яўляецца паплечнікам Святога Айца ў гэтай справе. “Я капітан каманды Францішка”, - пажартаваў футбаліст.

Акрамя дамовы аб супрацоўніцтве з Паўднёваамерыканскай федэрацыяй футбола, некалькі дзён таму ў Ватыкане было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж  “Scholas Occurentes” і ЮНІСЕФ.








All the contents on this site are copyrighted ©.