2015-04-23 12:03:00

Пантыфік святкуе імяніны


Папа Францішак святкуе свае імяніны. 23 красавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Юрыя. Менавіта гэта імя, у яго іспанамоўнай форме – Хорхэ, будучы Пантыфік атрымаў ад сваіх бацькоў.

Нябесны апякун Святога Айца жыў на мяжы ІІІ-IV ст. Ён паходзіў з хрысціянскай палестынскай сям’і і займаў высокую вайсковую пасаду. Пасля смерці маці, ён атрымаў багатую спадчыну, якую раздаў бедным. У перыяд пераследу хрысціян імператарам Дыяклетыянам не адрокся ад сваёй веры, за што, пасля доўгіх катаванняў, быў забіты. Гэта адбылося 23 красавіка 303 г. Культ св. Юрыя з таго часу распаўсюдзіўся па ўсім хрысціянскім свеце.

Св. Юрый шануецца як пераможца зла і ў іканаграфіі часта прадстаўляецца ў вобразе вершніка, якія паражае цмока дзідай. Такім “сучасным св. Юрыем” бачыць Пантыфіка адзін з яго бліжэйшых супрацоўнікаў – папскі цырымонімайстар кс. Гільерма Кархер. Папа перамагае зло сеючы дабро, у якім сучасны свет мае вялікую патрэбу, адзначыў прэлат у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Аргентынскі святар заўважыў, што Францішак зносіць крытыку з “духоўнай свабодай” і “унутранай сілай”. “Я думаю, што ён памазаны Святым Духам. Ён нясе служэнне, ускладзенае на яго Касцёлам, на карысць Касцёла і свету з унутраным спакоем і духоўнай упэўненасцю”, - сказаў папскі цырымонімайстар. Ён дадаў, што Пантыфік выпрацаваў у сабе “моцную духоўнасць, бо з’яўляецца чалавекам малітвы, чалавекам Божым”.








All the contents on this site are copyrighted ©.