2015-04-21 11:42:00

Папа спачувае вернікам Эфіопскай Праваслаўнай Царквы


У сваёй салідарнасці і малітве за ахвяр злачынства, якое здзейснілі ў Лівіі члены так званай “Ісламская дзяржавы”, запэўніў папа Францішак Патрыярха Эфіопскай Праваслаўнай Царквы Абуну Маціяса. Баевікі забілі 29 мужчын-хрысціян. Святы Айцец падкрэсліў, што гэтыя хрысціяне былі забітыя па прычынне самога факту таго, што з’яўляліся паслядоўнікамі Хрыста. Ён адзначыў, што ў гэтым выпадку не мае ніякага значэння канфесійная прыналежнасць ахвяр. “Іх кроў – адна і тая ж у вызнаванні Хрыста! Кроў нашых братоў і сясцёр хрысціян з’яўляецца сведчаннем, якое крычыць, каб быць пачутым усімі тымі, хто ў стане адрозніць дабро ад зла. І крык гэты павінен быць пачуты, асабліва тымі, хто мае ў сваіх руках лёс народаў”, - напісаў Папа ў сваім пасланні.

Францішак адзначыў, што радасць Вялікадня ў гэтым годзе была азмрочана сумам. Тым не менш, мы ведаем, што жыццё ў міласэрнай любові Бога мацнейшае за пакуты, якія адчуваюць усе хрысціяне, пакуты, якія аб’ядноўваюць усіх людзей добрай волі ва ўсіх рэлігійных традыцыях.

У мінулую нядзелю баевікі апублікавалі ў інтэрнэце відэа, якое дэманструе экзэкуцыю на 29 мужчынах у Лівіі. У відэа можна пачуць, як каты прапануюць хрысціянам жыццё ў абмен на пераход у іслам.

Эфіопская Праваслаўная Царква налічвае амаль 50 мільёнаў вернікаў і з’яўляецца нацыянальнай для жыхароў гэтай краіны. Яна прадстаўляе так званую нехалкедонскую плыню хрысціянства, да якой належаць таксама Копцкая, Армянская і Сірыйская Цэрквы. Яны не прызнаюць пастаноў Халкідонскага Сабора ў 451 г., дзе, сярод іншага, было асуджана монафізіцтва. Царква мае свой эфіёпскі абрад, а таксама асаблівую, якая не мае аналагаў у іншых касцёльных традыцыях, іерархічную структуру духавенства. 








All the contents on this site are copyrighted ©.