2015-04-21 12:17:00

Лепшыя музыканты Гомеля з пасхальным канцэртам у касцёле


Штогод ва ўрачыстасць Божага Нараджэння і на Вялікдзень бясплатныя канцэрты класічнай музыкі ладзяць у гомельскім касцёле Нараджэння Маці Божай. Лепшыя выканаўцы горада – музыканты абласной філармоніі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў – граюць вялікія канцэрты ў гонар галоўных хрысціянскіх урачыстасцяў. На канцэрты заўсёды збіраецца поўная зала слухачоў. 

Пробашч гомельскай парафіі кс. Славамір Ласкоўскі лічыць, што такія музычныя сустрэчы ў храме дапамагаюць пазнаць Бога праз прыгажосць чалавечай творчасці. “Па-першае, большасць аўтараў гэтай музыкі - веруючыя людзі, якія таксама ў сваім жыцці перажылі сустрэчу з Богам, Які даваў ім натхненне, каб пісаць такую цудоўную музыку. І цяпер яна таксама дае нам магчымасць сустрэчы з Богам. Зразумела, што гэта не літургія, гэта не тое, што дае нам Бог праз сваё слова і сакрамэнты, але хрысціянская культура таксама дапамагае разумець тыя цуды, якія Бог робіць для чалавека. Па-другое, такія канцэрты важныя тым, што на іх ў касцёл прыходзяць таксама слухачы, якія не звязаны з рэлігіяй, прыходзяць і зусім няверуючыя, і ёсць шанс, што ў іх душах узнікнуць роздумы аб тым жыцці, якое Бог падрыхтаваў для чалавека. І па-трэцяе – гэта сустрэча нашай супольнасці, каб радавацца той пасхальнай радасцю, якую нам дае Уваскрослы Езус Хрыстус”, - патлумачыў святар у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

А пачалася гэта цудоўная традыцыя каля 20 год таму праз аднаго з музыкантаў філармоніі Руслана Гарбатоўскага. Ён запрасіў ксяндза на пахаванне свайго дзядулі, і пасля знаёмства і размовы нарадзілася ідэя аб першым канцэрце ў касцёле. Яе падтрымалі іншыя музыканты і кіраўнік ансамбля Таццяна Томсан, якая нязменна рыхтуе новыя выступы і прыводзіць у святыню свой калектыў. 

Канцэрты заўсёды бясплатныя, і музыканты не маюць ніякіх матэрыяльных заахвочванняў. Што ж іх прываблівае ў выступах у касцёле? Зусім іншае, лічыць кіраўнік ансамбля “Класік” Таццяна Томсан: “Мы атрымліваем задавальненне, калі граем у касцёле, тут цудоўная публіка. Гэта самае галоўнае заахвочванне для музыканта”.

Канцэрты заўжды праходзяць з поспехам, слухачы дзякуюць выканаўцам, дорачы кветкі і самыя сапраўдныя бурныя авацыі.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.