2015-04-20 12:50:00

Францішак прыняў дэлегацыю еўрапейскіх рабінаў


Папа Францішак прыняў 20 красавіка 2015 г. у Ватыкане прадстаўнікоў Канферэнцыі еўрапейскіх рабінаў. Падчас сустрэчы яе старшыня, рабін Пінхас Гольдшмідт і Яго Святасць адзначылі агульную занепакоенасць будучыняй рэлігіі ў Еўропе і абмеркавалі важнасць захавання рэлігійных свабод і каштоўнасцяў на кантыненце, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні яўрэйскай асацыяцыі. У ім гучыць спадзяванне, што спатканне дасць пачатак новаму этапу “працоўных адносін” паміж дзьвума супольнасцямі па абароне агульных каштоўнасцяў і ўмацаванні міжрэлігійнага дыялогу.

Галоўны рабін Гольдшмідт падзякаваў Пантыфіку, Святому Пасаду і Каталіцкаму Касцёлу ў Еўропе за падтрымку яўрэйскіх супольнасцяў “у пошуку рэлігійнай свабоды”. Ён папрасіў Францішка дапамагчы ў пабудове “новых мастоў і звароце Усходу і Захаду ад мяжы вайны, да адзінай і мірнай Еўропы і свету”.

Спасылаючыся на рэлігійную сітуацыю ў Еўропе, Святы Айцец падкрэсліў важнасць духоўнага і рэлігійнага вымярэнняў чалавечага жыцця. “У грамадстве, усё больш і больш адзначаным секулярызмам і атэізмам, нам пагражае жыццё, як калі б Бог не існаваў. Чалавек часта спрабуе заняць месца Бога, лічыць сябе крытэрыем усяго, думаць, што можа кантраляваць усё, лічыць сябе ўпаўнаважаным выкарыстоўваць усё, што яго акружае ў адпаведнасці са сваёй уласнай воляй”, - заўважыў Францішак. Ён заклікаў не забывацца, што “жыццё гэта дар ад Бога, і што мы павінны даверыцца Богу, верыць у Яго, пастаянна звяртацца да Яго”. І тут яўрэі і хрысціяне маюць “дар і адказнасць уносіць свой уклад у захаванне рэлігійнага пачуцця сучаснага чалавека і нашага грамадства, сведчачы аб святасці Бога і чалавечага жыцця”.

Францішак выказаў таксама сваю заклапочанасць антысемітызмам і асобнымі актамі нянавісці і насілля. Ён падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен рашуча асуджаць усе формы антысемітызму, паказваючы сваю салідарнасць з яўрэйскім народам. Папа нагадаў аб нядаўнім святкаванні 70-й гадавіны вызвалення канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц. “Памяць пра тое, што адбылося ў самым цэнтры Еўропы, няхай будзе папярэджаннем для цяперашняга і будучых пакаленняў. Варта таксама асудзіць усе праявы нянавісці і насілля ў дачыненні да хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.