2015-04-18 10:55:00

Пантыфік сустрэўся з Прэзідэнтам Італіі


Папа адзначыў “выдатныя адносіны паміж Святым Пасадам і Італіяй” падчас сустрэчы з Прэзідэнтам гэтай краіны Серджыа Матарэлай. Яна адбылася ў Ватыкане 18 красавіка 2015 г. Францішак падкрэсліў ролю Касцёла ў стварэнні ўмоў справядлівага і ўстойлівага развіцця грамадзянскай супольнасці. “Узаемная аўтаномія” Касцёла і дзяржавы “не адмаўляе, а ўзмацняе агульную адказнасць за чалавека”, сказаў ён, бо усе абавязаны служыць грамадству з пакорай і адданасцю. На гэтым, паводле Папы, палягае “здаровы плюралізм”, які “не прэтэндуе на тое, каб абмежаваць сапраўдны рэлігійны дух”. “Гісторыя Італіі ясна дэманструе, наколькі вялікі ўклад хрысціянства ў яе культуру і характар яе насельніцтва”, вера тут фарміравала практычна ўсе аспекты жыцця, адзначыў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на цяжкасці, якія перажываюць жыхары краіны, асабліва маладыя. “Адсутнасць працоўных месцаў для маладых людзей становіцца крыкам болю, які кідае выклік дзяржаўным уладам, пасрэдніцкім арганізацыям, прыватным прадпрымальнікам і касцёльным супольнасцям”, бо “у наяўнасці працы ляжыць наяўнасць годнасці і будучыні”, сказаў Папа.

Яшчэ адна сфера, якая патрабуе асаблівай увагі – гэта клопат аб навакольным асяроддзі, лічыць Францішак, бо “дысбаланс”, які склаўся сёння ўсё часце прыводзіць да рэальных экалагічных катастроф. Ён спаслаўся на адкрыццё ў Мілане выставы “Expo 2015” і выказаў спадзяванне, што яна дапаможа паглыбіць разважанні аб прычынах пагаршэння стану навакольнага асяроддзя.

Святы Айцец падзякаваў Серджыа Матарэле за тое, што Італія дае прытулак вялікай колькасці мігрантаў. “Гэта ясна, што маштабы з’явы патрабуюць значна больш шырокага ўдзелу” на еўрапейскім і міжнародным узроўнях, лічыць ён.

Папа выказаў спадзяванне, што Італія, грунтуючыся на хрысціянскіх традыцыях і культуры, асягне сапраўдны прагрэс.








All the contents on this site are copyrighted ©.