2015-04-17 14:28:00

Францішак сярод самых уплывовых асоб свету


Папа Францішак у трэці раз увайшоў у спіс самых уплывовых фігур сучаснага свету, складзены амерыканскім “Time”. Спіс, які агучваецца штогод гэтым часопісам, не можна назваць класічным рэйтынгам; ён аб’ядноўвае розных асоб з усяго свету ў пяці катэгорыях: тытаны, піянеры, творцы, лідэры і іконы.

Святы Айцец увайшоў у групу “іконы” у складзе “100 самых уплывовых людзей свету”. Кожнага ўключанага ў спіс чалавека прадстаўляе ў штотыднёвіку іншая выбітная асоба. У выпадку Папы гэта зрабіў англіканскі архіепіскап Кейптаўна ў Паўднёвай Афрыцы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Дэсманд Туту.

У чатырох пунктах ён прадставіў пакору Хорхе Марыа Берголіа, яшчэ калі той быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, выказваючы пры гэтым незадаволенасць, што Пантыфік не прыняў у мінулым годзе Далай-ламу. “У любым выпадку, я люблю і захапляюся Яго Святасцю Папам настолькі, наколькі я захапляюся і люблю Яго Святасць Далай-ламу. Мала хто будзе спрачацца з тым, што папа Францішак з’яўляецца адмысловым дарам Бога, які прынёс глыток свежага паветра ў Ватыкан”, - напісаў англіканскі іерарх.

Побач з Святым Айцом сярод “ікон” апынуліся: амерыканская спявачка Тэйлар Свіфт, французскі эканаміст Томас Пікэці, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру ў мінулым годзе Малала Юсуфзай з Пакістана і японскі пісьменнік Харукі Муракамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.