2015-04-17 14:46:00

Святы Айцец падзякаваў членам “Papal Foundation”


17 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Papal Foundation” (Папскі фонд), якая на працягу ўжо больш чым 25 гадоў фінансава падтрымлівае ініцыятывы, што ажыцяўляюцца ад імя Пантыфіка.

“Шырокая разнастайнасць пректаў, патрыманых Фондам сведчыць аб няспынных намаганнях Касцёла на карысць усебаковага развіцця чалавечай сям’і пры ўсведамленні велізарных і штодзённых патрэб многіх нашых братоў і сясцёр”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, “Papal Foundation” паступае мудра, накіроўваючы значную частку сваіх рэсурсаў на адукацыю і фармацыю маладых святароў, законнікаў і свецкіх вернікаў, “набліжаючы дзень, калі мясцовыя Касцёлы будуць у стане самі падтрымліваць сябе, і больш за тое – перадаваць плёны гэтай шчодрасці іншым”.

“Я хачу пацвердзіць сваю ўдзячнасць за нялёгкую працу і самаадданасць, якія прадугледжвае ваша ахвяра, а таксама запэўніць у малітве за вас, вашых блізкіх і тых, каго вы падтрымліваеце”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да членаў дабрачыннай арганізацыі.

“Papal Foundation” была заснавана ў 1988 г. па ініцыятыве духавенства і свецкіх вернікаў ЗША. Фонд атрымлівае даходы ад інвестыцый у кампаніі, дзейнасць якіх не супярэчыць хрысціянскай веры. Донарамі арганізацыі могуць быць фізічныя асобы, фонды і аб’яднанні. Членства ў “Papal Foundation” пачынаецца з жадання ахвяраваць 1 млн. долараў на працягу не менш чым 10 гадоў з мінімальнай штогадовай ахвярай у 100 тыс. долараў.








All the contents on this site are copyrighted ©.