2015-04-14 11:16:00

У Ватыкане сустракаюцца папскія біблісты


У ватыканскім Доме св. Марты праходзіць пасяджэнне Папскай біблійнай камісіі. Яно працягнецца да пятніцы, 17 красавіка 2015 г. Пасля публікацыі ў 2014 г. дакументу аб натхненні і ісціне ў Святым Пісанні, міжнародная група навукоўцаў займаецца актуальнымі тэмамі ў галіне біблійнай антрапалогіі. Яны тычацца не толькі веры і ідэнтычнасці вернікаў. Гаворка ідзе пра чалавека, які з сучасным менталітэтам мае спакусу адмовіцца ад любога маральнага права на карысць ілжывай канцэпцыі свабоды і праўды.

“Прыхільнікі свецкай маралі сцвярджаюць, што чалавек, як разумная істота, павінен сам вызначаць каштоўнасць сваіх дзеянняў”, - заўважыў, адкрываючы пасяджэнне Камісіі, яе старшыня, якім заўсёды з’яўляецца прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Кардынал Герхард Людвіг Мюлер нагадаў, што Святое Пісанне, Традыцыя і вучэнне Касцёла гавораць аб зусім іншым. Поўная рэалізацыя чалавека азначае не адмову ад Божага права, але паслухмянае прыняцце яго. Яно дае нам сапраўдную свабоду, падкрэсліў нямецкі іерарх.

Вітаючы новых членаў Папскай біблійнай камісіі, ён заўважыў асаблівым чынам трох жанчын, якія з прызначэння папы Францішка ўпершыню ў стогадовай гісторыі ўвайшлі ў яе склад.








All the contents on this site are copyrighted ©.