2015-04-14 11:53:00

Кардынал адказаў на вострыя пытанні адносна Сіноду


Абвяшчэнне Юбілейнага Года Міласэрнасці з’яўляецца важным жэстам папы Францішка ў перспектыве Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які пройдзе ў кастрычніку 2015 г. у Ватыкане. “Мы ўсе павінны падумаць над гэтым”, - сказаў у інтэрв’ю газеце “Avvenire” кардынал Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар біскупскай асамблеі. У гэтым кантэксце ён дадаў, што папярэдняе сінадальнае пасяджэнне ў 2014 г. выразна заклікала не аддзяляць вучэння ад душпастырства, ідэалу ад яго рэалізацыі, ісціны ад міласэрнасці.

Кардынал Балдзісэры адзначыў, што Сінод Біскупаў знаходзіцца на этапе вывучэння матэрыялаў. З 15 красавіка ў Рым пачнуць надыходзіць анкеты ад асобных біскупскіх канферэнцый. Свае каментары і заўвагі на адрас асамблеі могуць кіраваць іншыя касцёльныя ўстановы і групы, а таксама асобныя вернікі.

У інтэрв’ю італьянскай каталіцкай газеце гучаць важныя пытанні. Гаворка ідзе пра асцярогі, звязаня з тым, што Сінод зменіць вучэнне Касцёла аб сужэнстве. Ватыканскі іерарх супакоіў, аднак, што ніхто не ставіць пад сумнеў фундаментальныя праўды аб сакрамэнце сужэнства. Што ж тычыцца разведзеных, якія жывуць у новых саюзах, Айцы Сіноду абмяркоўвалі магчымасць паглыблення і развіцця дактрыны і дысцыпліны Касцёла. Кардынал папярэдзіў, аднак, што тут гаворка не ідзе аб зменах або эвалюцыі вучэння.

Адказваючы на пытанне аб заклапочанасці тых, хто бачыць у Сінодзе пагрозу для адзінства Касцёла, іерарх сказаў, што Касцёлам кіруе Святы Дух, і ігнараваць гэта было б адмаўленнем яго гісторыі і выкарыстаннем мірскіх крытэрыяў. 

Генеральны сакратар спаслаўся на словы Папы на заключным пасяджэнні пяпярэдняй сесіі Сіноду Біскупаў, калі Францішак сказаў, што без свабоды, слухання і шчырасці гэта не быў бы Сінод, а канфармізм ілжывага спакою.








All the contents on this site are copyrighted ©.