2015-04-10 11:32:00

Прадстаяцель Армянскай Апостальскай Царквы ў Ватыкане


З 10 красавіка 2015 г. Прадстаяцель Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгін II будзе знаходзіцца з візітам у Ватыкане. Згодна з камюніке, апублікаваным у сталіцы Царквы – Эчміадзіне, візіт армянскага іерарха звязаны з сотай гадавінай генацыду армян. У нядзелю, 12 красавіка ён прыме ўдзел у св. Імшы, якую будзе цэлебраваць Пантыфік у ватыканскай базіліцы, а ў суботу 11 красавіка сам узначаліць юбілейную літургію ў царкве св. Грыгорыя Асветніка ў Неапалі. Запрашэнне наведаць гэты горад скіраваў мясцовы арцыбіскуп, кардынал Крэшчэнца Сэпэ. На юбілейныя ўрачыстасці прыбудзе Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян. Падчас нядзельнай Эўхарыстыі Папа абвесціць св. Грыгорыя з Нарэка, аднаго з найвялікшых армянскіх паэтаў і вучоных, Доктарам Паўсюднага Касцёла.

Гарэгін II з’яўляецца кіраўніком Армянскай Апостальскай Царквы з 1999 г. Ён стаў яе 132-м Патрыярхам. 

Арменія была першай краінай у свеце, якая абвясціла хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Гэта адбылося раней, чым у Рымскай імперыі, верагодна, ужо ў 301 г., калі ў Рыме яшчэ працягваўся крывавы пераслед хрысціян. Спрэчка паміж гісторыкамі на гэту тэму працягваецца, але пераважае меркаванне, што краіна абвясціла хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі каля 314-315 гг., што, аднак, не змяняе факту, што гэта быў першы такога роду акт у гісторыі свету.

Армяне мяркуюць, што хрысціянства на іх землі прынеслі апосталы Юда Тадэвуш і Барталамей, якія, паводле некаторых звестак, абвяшчалі Добрую Навіну на Каўказе ў сярэдзіне І ст., і памерлі там мучаніцкай смерцю. Таму Армянская Царква мае ў назве слова “Апостальская”, каб падкрэсліць сваё старажытнае паходжанне.

Армянскія хрысціяне належаць да ўсходняй традыцыі, але не з’яўляюцца праваслаўнымі. Ёсць меркаванне, што Армянская Царква прадстаўляе так званую монафізіцкую плынь. Гэта, аднак, з’яўляецца вялікім спрашчэннем.

Трэба нагадаць, што папа Францішак прымаў Гарэгіна ІІ у Ватыкане амаль год таму, 8 мая 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.