2015-04-09 10:34:00

Папа да армян: выцадзіць жыватворчы сок з памяці аб мінулым


9 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Патрыярхальнага Сінода Армянскай Каталіцкай Царквы, які праходзіць у Рыме. Свой зварот да іерархаў Пантыфік пачаў з закліку аб малітве за ахвяраў пераследу армян, які адбыўся стагоддзе таму.

“Папросім аб Божай Міласэрнасці, каб дапамагла ўсім нам, у любові да праўды і справядлівасці, залячыць кожную рану і прыспешыць канкрэтныя жэсты прымірэння і спакою паміж народамі, якія да гэтага часу не могуць дасягнуць разумнай згоды адносна погляду на тыя сумныя падзеі”, - сказаў Папа.

Праз удзельнікаў Сінода Францішак прывітаў усіх святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў Армянскай Каталіцкай Царквы, не толькі на Радзіме, але і ў ЗША, Лацінскай Амерыцы, Еўропе, Расіі, Украіне і на Блізкім Усходзе.

“Ваш народ, які традыцыя лічыцца першым з тых, хто навярнуўся ў хрысціянства ў 301 г., мае дзветысячыгадовую гісторыю і захоўвае годную захаплення спадчыну духоўнасці і культуры, злучаную са здольнасцю ўзнімацца пасля шматлікіх пераследаў і выпрабаванняў, якім падвяргаецца. Прашу вас развіваць пачуццё ўдзячнасці Пану за здольнасць захоўваць вернасць Яму таксама ў складаныя эпохі. Важна, прасіць Бога аб дары сардэчнай мудрасці: успамін аб ахвярах стогадовай даўніны ставіць нас перад цемрай “mysterium iniquitatis” (таямніцы зла), - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што з сэрца чалавека могуць выходзіць самыя цёмныя сілы, здольныя прывесці да арганізацыі сістэматызаванага знішчэння братоў, да разглядання іх ў якасці ворагаў або нават асобаў пазбаўленых чалавечай годнасці. “Але вернікаў – пытанне аб зле, учыненым чалавекам – уводзіць таксама ў таямніцу ўдзелу ў адкупленчай Муцы: нямала сыноў і дачок армянскага народа былі здольнымі прамаўляць імя Хрыста аж да праліцця крыві ці смерці ад голаду ў бясконцым выгнанні, да якога былі прымушаны”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Пакутныя старонкі гісторыі вашага народа працягваюць, у пэўным сэнсе, муку Езуса, але на кожнай з іх ляжыць семя Яго ўваскрасення. Няхай у нас не памяншаецца адказнасць за навучанне свецкіх вернікаў здольнасці глядзець на рэальнасць новымі вачыма, каб мець магчымасць штодзённа казаць: мой народ, гэта не толькі пакутуючыя за Хрыста, але перш за ўсё – уваскрослыя ў Ім. Важна памятаць пра мінулае, каб выцадзіць з яго новы жыватворчы сок, які напоўніць цяперашняе радасным абвяшчэннем Евангелля і сведчаннем любові”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне сваёй прамовы Пантыфік нагадаў аб зваротах Бэнэдыкта XV да турэцкага султана Мехмеда V, з мэтай спыніць забойствы армян. Гэты Папа быў “вялікім сябрам хрысціянскага Усходу”. Ён заснаваў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў і Папскі Усходні інстытут, а ў 1920 г. абвясціў св. Ефрэма Сірына Доктарам Касцёла. Францішак нагадаў, што аналагічны жэст ён учыніць 11 красавіка 2015 г., у адносінах да вялікага армянскага святога – Грыгорыя з Нарэка.








All the contents on this site are copyrighted ©.