2015-04-09 11:39:00

Пантыфік абвесціць Доктарам Касцёла армянскага святога


12 красавіка 2015 г. папа Францішак узначаліць літургію з нагоды стагоддзя “Вялікага ліхадзейства” – сістэматызаванага фізічнага знішчэння армян на тэрыторыях падкантрольных Асманскай імперыі ў перыяд з 1915 па 1918 гг. Літургія ў армянскім абрадзе пройдзе ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. Канцэлебраваць Пантыфіку будзе армянскі каталіцкі Патрыярх Нерсес Бэдрас ХІХ, а таксама іншыя біскупы і святары Армянскай Каталіцкай Царквы. У Эўхарыстыі прыме ўдзел Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян.

Падчас літургіі папа Францішак абвесціць Доктарам Паўсюднага Касцёла св. Грыгорыя з Нарэка – армянскага святара і законніка, паэта і вучонага, які жыў у перыяд паміж 950-1005 гг. Св. Грыгорый паходзіўся з сям’і князя Хасрова Андзэвацы, які пазней стаў епіскапам. З самага маленства выхоўваўся пры кляштары ў армянскім мястэчку Нарэк, якое сёння знаходзіцца на тэрыторыі Турцыі. Пазней стаў святаром і абатам. Св. Грыгорый вёў жыццё поўнае пакоры і любові, шмат працаваў і маліўся. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літаратуры. Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.