2015-04-08 14:36:00

Ватыкан прадставіць каштоўныя кнігі ў Варшаве


Апостальская Сталіца будзе прадстаўлена на ХХІ Кірмашы каталіцкіх выдаўцоў, які пройдзе 16-19 красавіка 2015 г. у Варшаве. Сярод каштоўных экспанатаў, якія прыбудуць у польскую сталіцу з Ватыкана: арыгінальны рукапіс “Пекла” Дантэ Аліг’еры з ілюстрацыямі Сандра Бацічэлі і “Іліяда” Гамера з тэкстамі па-грэцку і лацінску. Стэнд Святога Пасаду будуць упрыгожваць мармуровыя скульптуры з Ватыканскіх музеяў і кнігі з мастацкімі выявамі з папскай калекцыі сучаснага мастацтва.

У прадстаўленні Апостальскай Сталіцы на свяце каталіцкай кнігі, акрамя Ватыканскіх музеяў, задзейнічаны Ватыканскі сакрэтны архіў, Папская археалагічная камісія, а таксама Ватыканскі філатэлістычна-нумізматычны аддзел. Мерапрыемства наведае старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі.

На кніжным кірмашы будуць прадстаўлены каля 130 польскіх і замежных выдавецтваў. Ён пройдзе ў Аркадах Кубіцкага ў варшаўскім Каралеўскім замку. Традыцыйна падчас гэтага форума ўручаецца ўзнагарода Таварыства каталіцкіх выдаўцоў “FENIKS”.








All the contents on this site are copyrighted ©.