2015-04-07 11:50:00

Святы Пасад праводзіць адукацыйны форум для законнікаў


У рамках Году кансэкраванага жыцця, 7-11 красавіка 2015 г. у Рыме праходзіць Міжнародны кангрэс на тэму “Жыць у Хрысце згодна з евангельскай жыццёвай формай”. Сустрэча носіць адукацыйны характар і паклікана дапамагчы кансэкраваным асобам глыбей зразумець выклікі і патрабаванні, якія ім ставіць сучасная эпоха. Якое месца ў жыцці законнікаў займае выкарыстанне сучасных сродкаў камунікацыі? Чаму могуць навуць бедныя людзі? Як адказаць на актуальныя праблемы ў сферы справядлівасці і міру, экуменічных адносін, аховы навакольнага асяроддзя? На гэтыя, і многія іншыя пытанні ўдзельнікам форума дапамагаюць знайсці адказы запрошаныя эксперты. У мерыпрыемстве прымаюць удзел каля 1500 законнікаў і законніц з розных краін свету. Папа Францішак прыме іх на аўдыенцыі 11 красавіка 2015 г. Арганізатарам кангрэсу з’яўляецца Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Пра важнасць падобных адукацыйных сустрэч распавёў сакратар гэтай ватыканскай дыкастэрыі арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбала ў інтэрв’ю газеце “L’Osservatore Romano”. “Адукацыйная і фармавальная патрэба – гэта адзін з прыярытэтаў кансэкраванага жыцця. Ад выхавання, якое атрымліваем і якое прапануем, шмат у чым залежыць яго цяперашняе і будучыня. Не можа існаваць крэатыўнай вернасці, магчымасці з запалам жыць цяперашнім часам і з надзеяй абняць будучыню – што з’яўляецца мэтай Году кансэкраванага жыцця – без якаснага і адпаведнага нашаму часу выхавання”, - сказаў ён.

Курыяльны іерарх адзначыў, што для законнікаў выхаванне і адукацыя павінны быць пастаяннымі. З мэтай дапамогі ім у гэтым, існуе супрацоўніцтва паміж рознымі ватыканскімі структурамі: Кангрэгацыямі па справах духавенства, інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця і каталіцкай адукацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.