2015-04-07 10:18:00

Ватыканскі іерарх скіраваў пасланне грэка-католікам Беларусі


Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры скіраваў свае віншаванні з нагоды 25-годдзя аднаўлення літургічнага  жыцця і адкрытага душпастырства Беларускай грэка-каталіцкай Царквы. “Прайшло 25 гадоў ад выхаду з падполля, у якім вы жылі падчас камуністычнага рэжыму, і ад аднаўлення літургічнага жыцця і адкрытай душпастырскай дзейнасці, чэрпаючы з крыніц глыбокай візантыйскай літургічнай традыцыі, якую пераклаў на беларускую мову працавіты і нястомны мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан”, - напісаў высокі ватыканскі іерарх у пасланні на імя архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі.

“Вы асаблівым чынам вылучаецеся сваёй здольнасцю злучыць абвяшчэнне Евангелля з пашырэннем беларускай духоўнай культуры, развіваючы такім чынам вашу культурную спадчыну і традыцыю. Гэтыя каштоўнасці застаюцца для вас заўсёды актуальнымі і з’яўляюцца каштоўным скарбам асабліва перад выклікамі, якія штодзённа перажываюць верныя вучні Хрыста, укрыжаванага і ўваскрослага для нашага збаўлення”, - гаворыцца ў віншаванні.

Кардынал Леанарда Сандры запэўніў беларускіх грэка-католікаў у малітве і духоўнай блізкасці. “Ад сэрца зычым вам, каб святая Пасха асвятляла ўсё жыццё вашай Царквы і ўсяляла моц, неабходную, каб жыць з новым дынамізмам сведчання і радасці Евангелля, каб прынесці яго таксама і тым, хто яго яшчэ не пазнаў ці ад яго адышоў”, - прыводзіць словы іерарха сайт грэка-каталіцкай парафіі святога і праведнага Язэпа www.sviazep.org.

У Беларусі налічваецца каля 30 тыс. грэка-католікаў, працуе 25 святароў (у тым ліку 5 іераманахаў) і 4 дыяканы. 8 чалавек праходзяць падрыхтоўку ў семінарыях. Па прычыне недахопу ўласных храмаў, многія вернікі наведваюць рыма-каталіцкія касцёлы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.